Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ

Апошнія навіны
Усе навіны

МАРГ: бізнес-супольнасць падтрымлівае дадатковыя меры па процідзеянні манапалізацыі ў гандлі харчовымі таварамі

Эканоміка 14.06.2019 | 15:07

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сфера гандлю харчовымі таварамі патрабуе дадатковага рэгулявання, прапанаваныя меры па процідзеянні манапалізацыі падтрыманы бізнес-супольнасцю, паведаміў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч сёння на пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага (экспертнага) савета пры МАРГ, дзе разглядаўся праект указа "Аб процідзеянні манапалізацыі ў галіне гандлю", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Артур Карповіч падкрэсліў, што дакумент накіраваны на развіццё канкурэнцыі. "Спажывецкія тавары - адзін з самых значных для насельніцтва артыкулаў затрат. У сувязі з гэтым такія пытанні патрабуюць з боку дзяржавы пастаяннай увагі, устанаўлення і карэкціроўкі правіл гульні, кантролю за іх выкананнем", - дадаў ён.

Цяпер сферу гандлю і грамадскага харчавання закранаюць непасрэдна 9 кодэксаў і законаў, 26 дэкрэтаў і ўказаў, звыш 30 пастаноў урада і каля 50 ведамасных актаў. Доля сеткавых магазінаў у агульнай колькасці гандлёвых аб'ектаў перасягае 60 працэнтаў, а калі гаварыць аб гандлёвай плошчы, то яна дасягае амаль 80 працэнтаў. За апошнія чатыры гады сеткавых магазінаў стала амаль у тры разы больш - 30 тыс. з 49 тыс. Прадастаўлена магчымасць развівацца сеткавым арганізацыям, якія займаюць долю звыш 20 працэнтаў на вызначаных тэрыторыях у сельскай мясцовасці, без абмежаванняў.

"У студзені бягучага года ў МАРГ паступіў калектыўны зварот шасці бізнес-супольнасцей з ініцыятывай аб стварэнні міжведамаснай рабочай групы па фарміраванні нарматыўнага прававога акта, які вызначае дадатковае дзяржаўнае рэгуляванне дзейнасці буйнейшых гандлёвых арганізацый. Прыняцце дакумента павінна вярнуць долю малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў рознічным тавараабароце краіны. Паводле ацэнак бізнес-супольнасцей, пазначаная доля павінна складаць не менш як 50 працэнтаў", - адзначыў Артур Карповіч.

Ён праінфармаваў, што ў склад рабочай групы па распрацоўцы праекта ўказа ўвайшлі 26 прадстаўнікоў, у тым ліку ад Савета па развіцці прадпрымальніцтва, буйных гандлёвых арганізацый. Праведзена шэсць пасяджэнняў, на апошнім з якіх усе пункты падрабязна разгледжаны, улічаны заўвагі зацікаўленых. Вывучаны міжнародны вопыт у 27 краінах.

У тым ліку прапаноўвалася распаўсюдзіць дзеянне ўказа і на нехарчовыя тавары, але прынята рашэнне на гэтым этапе не ўключаць такую норму.

Праект указа без заўваг узгаднілі звыш 20 арганізацый і дзяржорганаў, у тым ліку ўсе аблвыканкамы і Мінгарвыканкам. Артур Карповіч падкрэсліў, што аб недастатковасці дзеючых абмежавальных мер сведчыць і тое, што МАРГ цяпер разглядае сем зваротаў наконт парушэння антыманапольных норм.

Як адзначыў генеральны дырэктар ТАА "Еўрагандаль" Андрэй Зубкоў, па сутнасці новы ўказ у бліжэйшыя 10 гадоў закране толькі магазіны гэтай сеткі. Паводле яго ацэнкі, дакумент паўплывае на эфектыўнасць работы кампаніі, якая займае каля 20 працэнтаў рынку. "Лічым, што ўказ нясе рызыку для нас", - адзначыў гендырэктар.

У сваю чаргу сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў звярнуў увагу, што, калі не збалансаваць рынак, існуючая сітуацыя негатыўна паўплывае на эканоміку. "Мы падтрымліваем указ, таму што гэта крок у правільным напрамку", - лічыць ён.

Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін паведаміў, што бізнес-супольнасць даўно ўзнімала пытанне аб неабходнасці распрацоўкі такога дакумента. Ён станоўча паўплывае на канкурэнцыю ў сферы гандлю.

Як паведамлялася, па праекце ўказа "Аб процідзеянні манапалізацыі ў галіне гандлю" суб'ект гандлю, доля якога ў аб'ёме рознічнага тавараабароту харчовых тавараў у рэспубліцы за папярэдні фінансавы год перасягае 15 працэнтаў, прызнаецца займаючым дамінуючае становішча на рынку, што прадвызначае ўскладанне дадатковых абавязкаў і ўстанаўленне абмежаванняў.

Плануецца абавязаць суб'екты гандлю самастойна разлічваць долю ў аб'ёме тавараабароту, размяшчаць на сайце правілы гандлёвай практыкі, пералік афіліраваных асоб, з якімі заключаны дагаворы на пастаўку тавараў. Таксама ў праекце ўказа забараняецца навязваць пастаўшчыкам і вытворцам удзел у скідках, акцыях, паслугі па прасоўванні тавараў, устанаўліваць умовы з магчымасцю ў аднабаковым парадку спыніць супрацоўніцтва без важкіх прычын і патрабаваць выплату бонусаў і прэмій і інш.

Акрамя таго, дакумент вызначае ўмовы ажыццяўлення рэкламнай дзейнасці, прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за парушэнне яго норм.

З тэкстам праекта ўказа і абгрунтаваннем да яго можна азнаёміцца на сайце МАРГ у раздзеле "Заканадаўства/Грамадскае абмеркаванне праектаў" альбо на Прававым форуме Беларусі. Грамадскае абмеркаванне прадоўжыцца да 20 чэрвеня бягучага года ўключна.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск
Салігорск

Інфаграфіка

Збіраем дзіця ў школу У бягучым годзе пакупнікам прапануецца каля 500 мадэлей адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і хлопчыкаў, да 200 мадэлей абутку, да 100 мадэлей ранцаў, рукзакоў, сумак.