
2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 30 тыс. інтэрнэт-магазінаў зарэгістравана ў Беларусі на пачатак 2023 года. Аб гэтым у прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іна Гаўрыльчык.
"За 2022 год рост склаў амаль 4 працэнты - з'явілася больш як 1 тыс. новых інтэрнэт-магазінаў. Безумоўна, усе яны розныя - ёсць буйныя і тыя, што спецыялізуюцца на пэўных відах тавараў. Тым не менш гэта форма гандлю актыўна развіваецца. Адзначу, што з усіх зарэгістраваных інтэрнэт-магазінаў 49 працэнтаў належыць юрыдычным асобам, а астатнія 50,7 працэнта - індывідуальным прадпрымальнікам", - расказала начальнік упраўлення.

Паводле яе слоў, інтэрнэт-магазіны ў нашай краіне пачалі набываць папулярнасць у перыяд пандэміі COVID-19, калі кантакты паміж фізічнымі асобамі і прадстаўнікамі гандлю былі мінімізаваны.
Прадстаўнік МАРГ звярнула ўвагу, што перад тым як купляць у інтэрнэт-магазіне, неабходна праверыць яго наяўнасць у гандлёвым рэестры (на сайце МАРГ). "Калі магазін ёсць у гэтым пераліку, то з вялікай гарантыяй ён працуе ў прававым полі нашай краіны, і спажыўцы з найменшай верагоднасцю сутыкнуцца з непрыемнымі наступствамі. У гандлёвым рэестры ёсць назва сайта, арганізацыі або індывідуальнага прадпрымальніка, якому належыць інтэрнэт-магазін, а таксама яго месцазнаходжанне. Гэта азначае, што спажывец заўсёды зможа знайсці адрас, па якім можна звярнуцца ў выпадку ўзнікнення праблем з таварам. Калі ж патрэбнага вам магазіна ў гандлёвым пераліку няма, хутчэй за ўсё, пры праблемах з таварам у стасунках з прадаўцом могуць узнікнуць складанасці", - падкрэсліла спецыяліст.
Яна дадала, што звычайна ў нелегальных інтэрнэт-магазінах для спажыўца выстаўляюцца максімальна прывабныя нізкія цэны. Аднак варта памятаць, што за гэтым стаіць нявыплата падаткаў і зарплата ў канвертах, за кошт чаго і мінімізуюцца ўсе астатнія затраты. Такім чынам, спакушаючыся нізкай цаной, спажывец мае пэўныя рызыкі.-0-
Фота Раміля Насібуліна