
18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі гандлёвыя аб'екты абавязалі мець у наяўнасці мяшкі (пакеты), аднаразовы посуд, сталовыя прыборы з паперы. Адпаведная пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 2 верасня 2019 года нумар 72 апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Такое рашэнне прынята для паэтапнага пераходу ад выкарыстання поліэтыленавай упакоўкі да экалагічна бяспечных матэрыялаў.
Адначасова мінімізавана колькасць найменняў пластыкавых пакетаў і посуду ў пераліках тавараў, вызначаных пастановай нумар 28, у якую дакументам унесены змяненні.
Дзеянне пастановы нумар 72 распаўсюджваецца на магазіны з універсальным асартыментам тавараў, змешаныя, спецыялізаваныя і вузкаспецыялізаваныя, кіёскі, павільёны, гандлёвыя аб'екты, размешчаныя на аўтазаправачных станцыях, і інш.
У выпадку рэалізацыі ў неспецыялізаваных магазінах з камбінаваным асартыментам харчовых і нехарчовых тавараў (трох або больш груп) неабходна ўключаць экалагічна бяспечную прадукцыю ў асартыментныя пералікі.
Такім чынам, пакупнікі змогуць выбіраць від упакоўкі - традыцыйную поліэтыленавую або папяровую.
Пастанова нумар 72 уступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-