Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 лютага 2021, 09:37

МАРГ аб задачах на пяцігодку: інфляцыя не вышэйшая за 5 працэнтаў, асноўны акцэнт - на сацыяльна значных таварах

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інфляцыя ў бліжэйшай пяцігодцы не павінна перавышаць 5 працэнтаў, а асноўны ўпор будзе зроблены на сацыяльна значныя тавары. Аб гэтым журналістам на палях VI Усебеларускага народнага сходу заявіў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Прэзідэнт у сваім дакладзе абазначыў, што цэнавы кантроль - гэта прыярытэт. Асабліва акцэнт трэба зрабіць на сацыяльна значных таварах. Безумоўна, за пяць гадоў краіна дабілася значных поспехаў у зніжэнні ўзроўню інфляцыі. Але тым не менш наша задача цяпер - сканцэнтравацца на замацаванні тэндэнцыі да яе зніжэння і ўтрымаць інфляцыю па выніках пяцігодкі не больш за 5 працэнтаў. Асноўны акцэнт - на сацыяльна значных таварах, што мы цяпер, увогуле, і робім", - расказаў Андрэй Картун.

Намеснік міністра нагадаў, што з гэтага года ў краіне ўпершыню з'явіўся індэкс цэн на сацыяльна значныя тавары, да якіх адносяцца 72 асноўныя пазіцыі. "Задача - утрымаць яго прырост у межах 4,9 працэнта ў 2021 годзе. Задача вельмі амбіцыйная, але, увогуле, інструменты ў нас для гэтага ёсць. Мы ўвялі на большасць гэтых тавараў цэнавае рэгуляванне, якое заключаецца ў абмежаванні гандлёвых надбавак, надбавак імпарцёраў і рэнтабельнасці вытворцаў. Гэты інструмент паказаў у 2020 годзе сваю эфектыўнасць, даўшы магчымасць хутка нівеліраваць тыя шокі, якія адбываліся. Напрыклад, на фоне пандэміі сусветныя цэны на прадукты харчавання за год выраслі ў цэлым на 7 працэнтаў, у студзені яны прадоўжылі расці, - адзначыў ён. - На жаль, у структуры харчовага спажывецкага імпарту ў нас прыкладна 40 працэнтаў - гэта тавары так званага крытычнага імпарту. Гэта значыць тыя пазіцыі, якія ў нас або не вырабляюцца, або вырабляюцца ў малым аб'ёме. Ва ўсіх на слыху, напрыклад, цэны на алей. Сусветныя цэны толькі на гэту пазіцыю выраслі прыкладна на 30 працэнтаў. І наша задача - максімальна нівеліраваць усе гэтыя знешнія выклікі, не дапусціць значнага і неабгрунтаванага росту цэн і пры гэтым забяспечыць наяўнасць тавару на паліцах магазінаў".

Андрэй Картун падкрэсліў: кантроль за цэнамі не спыняецца. "Мы ў мінулым годзе як самі кантралявалі цэнаўтварэнне, так і сумесна з Камітэтам дзяржкантролю праводзілі такія кантрольныя мерапрыемствы. Калі пра нашы праверкі гаварыць, амаль 200 выпадкаў у мінулым годзе было выяўлена парушэнняў цэнавага заканадаўства, прыцягнуты да адказнасці каля 100 вінаватых асоб, а сума штрафаў перасягнула Br200 тыс. Але ў нас задача не пакараць, а не дапусціць, папярэдзіць неабгрунтаваны рост цэн", - сказаў намеснік міністра. Ён дадаў, што да гэтай работы падключыліся прафсаюзы, сенатары і дэпутаты. "Парламентарыі і прафсаюзы якраз даюць нам сігналы, што недзе непакоіць насельніцтва і якімі канкрэтнымі, кропкавымі мерамі можна адрэгуляваць тыя ці іншыя пытанні", - сказаў на заканчэнне Андрэй Картун.

VI Усебеларускі народны сход пачаў працаваць напярэдадні ў Палацы Рэспублікі ў Мінску. Дэлегаты абмяркоўваюць вынікі рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і асноўныя палажэнні праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Удзельнікамі мерапрыемства сталі 2,7 тыс. чалавек, з іх дэлегатаў - 2,4 тыс. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Сярод дэлегатаў сходу таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі