Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 лютага 2020, 13:26

МАПІД уводзіць у эксплуатацыю новую лінію па вытворчасці жалезабетонных вырабаў

19 лютага, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. ААТ "МАПІД" уводзіць у эксплуатацыю новую тэхналагічную лінію па вытворчасці жалезабетонных вырабаў, паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.

Запуск сучаснай стэндавай тэхналагічнай лініі адбудзецца сёння. Гэта абсталяванне дасць магчымасць выпускаць практычна ўсю наменклатуру сценавых панэлей і пліт перакрыццяў для будаўніцтва жылых дамоў.

У першую чаргу ў абноўленым цэху плануюць вырабляць адна-, двух- і трохслойныя знадворныя сценавыя панэлі таўшчынёй да 0,5 м. Выпуск апошніх дасць магчымасць МАПІДу ўзводзіць у Беларусі будынкі класа А па энергетычнай эфектыўнасці, а таксама задаволіць патрэбнасць заказчыкаў у такіх вырабах за мяжой. "Дзякуючы прымяненню гэтых сценавых панэлей дамы будуць цяплейшыя, энергаспажыванне меншае, а таму ніжэйшая і плата за ацяпленне. Клас А - гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў энергаэфектыўнасці, ён вызначаецца ў залежнасці ад удзельнага расходу цеплавой энергіі на ацяпленне і вентыляцыю будынка і складае для будынкаў класа А менш за 25 кВт.гадз на 1 кв.м у год", - растлумачылі на прадпрыемстве.

Стэндавы метад вытворчасці такіх вырабаў дасць магчымасць выпускаць шырокі спектр вырабаў, ён просты ў эксплуатацыі, а пры неабходнасці выпуску новага віду прадукцыі на перааснашчэнне лініі не спатрэбяцца вялікія затраты. "Сучаснае абсталяванне і матэрыялы нівеліруюць такія недахопы стэндавай тэхналогіі, як складанасці ў комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў, у выкарыстанні інтэнсіўных метадаў ушчыльнення бетоннай сумесі і ў эфектыўнасці цеплавой апрацоўкі", - дадалі ў ААТ.

Мадэрнізаваная тэхналагічная лінія па вытворчасці жалезабетонных вырабаў уключае ў сябе 10 стэндаў памерам 8х4,2 м, фармовачнае абсталяванне і адрасную падачу бетону ад прайшоўшага рэканструкцыю бетоназмяшальнага вузла. Пры выпуску знадворных сценавых панэлей плануецца прымяняць тэкстурные матрыцы і фасады з керамічнай пліткай для надання архітэктурнай выразнасці ўзводзімым будынкам.

"Наша прадпрыемства мадэрнізуе сваю вытворчасць, каб адысці ад выпуску аднатыпнай прадукцыі і для пашырэння рынкаў збыту гатовых вырабаў. Нарошчванне аб'ёмаў экспарту ўваходзіць у лік прыярытэтных праектаў развіцця МАПІДа. Дасягнуць гэтай мэты можна ў першую чаргу за кошт забеспячэння патрэбнасці замежных заказчыкаў і адаптацыі магутнасці дзеючых прадпрыемстваў шляхам удасканалення або асваення новай тэхналогіі вытворчасці вырабаў буйнапанэльнага домабудавання", - падкрэслілі ў акцыянерным таварыстве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі