Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
04 чэрвеня 2021, 16:06

Малкіна: пашырэнне ЕАЭС - рэальная перспектыва

4 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пашырэнне Еўразійскага эканамічнага саюза з'яўляецца рэальнай перспектывай. Аб гэтым заявіла сёння на брыфінгу памочнік старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Ія Малкіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ія Малкіна адзначыла, што на палях Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, які праходзіць у паўночнай расійскай сталіцы, пытанне аб магчымасці пашырэння ЕАЭС задавалася ў адрас дэлегацыі ЕЭК неаднаразова. "Напэўна, гэта звязана з тым, што ўсё больш краін выказваюць інтарэс да тых перспектыў і да тых магчымасцей, якія можа даць удзел у еўразійскай інтэграцыі", - лічыць яна.

Памочнік старшыні Калегіі ЕЭК нагадала, што ў 2020 годзе наглядальнікамі ў ЕАЭС сталі Узбекістан і Куба, а Малдова зрабіла гэта раней. "Безумоўна, той інтарэс, які выказваюць урады гэтых дзяржаў да тых інструментаў, якія даюць магчымасць сумесна пераадольваць нейкія эканамічныя крызісы, сведчыць аб тым, што пашырэнне саюза - гэта не проста нейкі міф, а гэта сапраўды рэальная перспектыва", - заявіла Ія Малкіна.

Яна ўдакладніла, што для ўступлення ў ЕАЭС у першую чаргу неабходна волевыяўленне той дзяржавы, якая хоча далучыцца да саюза. "Таму мы, безумоўна, чакаем сігналаў ад тых краін, якія зацікаўлены ў сумесных інтэграцыйных эканамічных праектах. Усе рашэнні аб далучэнні прымаюцца ў саюзе з улікам шырокага публічнага абмеркавання", - дадала Ія Малкіна.

Цяпер у ЕАЭС уваходзяць Беларусь, Расія, Казахстан, Кыргызстан і Арменія.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі