Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 студзеня 2021, 11:21

Маёмасць больш як на Br4 млн прадалі ў 2020 годзе на электроннай пляцоўцы БУТБ

25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш як 150 аб'ектаў маёмасці, якая не выкарыстоўваецца або нерацыянальна выкарыстоўваецца, на агульную суму Br4,2 млн уключана ў гаспадарчы абарот у 2020 годзе па выніках электронных таргоў на пляцоўцы "БУТБ-Маёмасць", аператарам якой з'яўляецца Беларуская ўніверсальная таварная біржа, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

"На долю нерухомай маёмасці прыпала амаль 80 працэнтаў усёй рэалізаванай маёмасці. Пры гэтым найбольш актыўна прадаваліся аб'екты ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. На тэрыторыі гэтых двух рэгіёнаў размяшчалася больш за палову рэалізаваных у 2020 годзе лотаў. Самым дарагім аб'ектам стаў пабудаваны ў пачатку ХХ стагоддзя адміністрацыйны будынак у Пінску. Пераможцу электронных таргоў гэты аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны дастаўся за Br533 тыс.", - расказаў Раман Яніў.

Найбольшае павышэнне пачатковай цаны маёмасці зафіксавана на таргах па продажы нежылога будынка ў Петрыкаве. У выніку канкурэнцыі паміж удзельнікамі кошт прадмета таргоў павялічыўся ў 597 разоў да Br16 тыс.

"Статус самага незвычайнага аб'екта маёмасці, які знайшоў інвестара дзякуючы электронным таргам, атрымаў палац Горватаў у Нароўлі. Цана продажу аднаго з найпрыгажэйшых палацава-паркавых ансамбляў беларускага Палесся склала Br53,4 тыс.", - адзначыў прэс-сакратар.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі