Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 чэрвеня 2021, 16:28

Мабільныя брыгады ММЗ будуць дапамагаць рамантаваць тэхніку ў час масавых палявых работ

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі маторны завод стварыў мабільныя брыгады для дапамогі ў рамонце тэхнікі ў час масавых палявых работ. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла начальнік службы па інфармацыйнай рабоце і сувязях з грамадскасцю прадпрыемства Ксенія Перастароніна.

У гэтым годзе на палі рэспублікі выйдзе больш за 50 тыс. адзінак трактароў МТЗ, пагрузчыкаў "АМКАДОР", камбайнаў "Гомсельмаш", аўтамабіляў МАЗ з рухавікамі ММЗ, з якіх 26 434 - гарантыйныя.

Рыхтавацца да забеспячэння бесперабойнай работы аграрыяў на ММЗ пачалі загадзя. У сакавіку быў створаны штаб з кіраўнікоў і спецыялістаў завода для аператыўнага вырашэння пытанняў, звязаных з работай рухавікоў на тэхніцы. Кіраўнікі службы якасці і тэхнічнага сэрвісу завода ў час актыўных палявых работ кожны дзень манітораць сітуацыю на палях. Спецыялісты не зафіксавалі значных паломак тэхнікі, якія маглі б спыніць рабочы працэс. Усе выяўленыя дэфекты рухавікоў у асноўным выкліканы парушэннямі эксплуатацыі, кожны выпадак фіксуецца камісіяй з удзелам Дзяржтэхнагляду.

На аднаўленне гарантыйных рухавікоў адводзяцца суткі. Для выканання тэрмінаў рамонту вытворчыя і камерцыйныя структурныя падраздзяленні ММЗ аператыўна забяспечваюць аддзел тэхнічнага сэрвісу неабходнымі запчасткамі. У многіх выпадках рухавікі на тэхніцы рамантуюць сэрвісныя цэнтры, з якімі ў завода заключаны дагаворы, - іх у Беларусі 53. Калі патрабуецца ўстараніць больш складаны дэфект, на дапамогу аграрыям выязджаюць мабільныя брыгады ММЗ. У іх склад уваходзяць два слесары механазборачных работ, пры неабходнасці - інжынер аддзела тэхнічнага сэрвісу і інжынер-канструктар.

"На час масавых палявых работ створаны тры мабільныя брыгады. Практыка паказвае, што за ўвесь час пасяўной часцей за ўсё даводзілася працаваць толькі адной. Спецыялісты назіраюць штогадовае зніжэнне колькасці адмоў рухавікоў ММЗ на тэхніцы, задзейнічанай на палях", - адзначылі ў прэс-службе.

У самых складаных выпадках маторы дастаўляюць на завод, дзе іх аднаўляюць на ўчастку рамонту рухавікоў аддзела тэхнічнага сэрвісу. Спецыялісты ўчастка знаходзяцца на пасту нават у выхадныя. У любы час земляробы могуць атрымаць аператыўную і кампетэнтную кансультацыю па пытаннях эксплуатацыі і абслугоўвання рухавікоў. Дзяжурныя мабільныя тэлефоны спецыялістаў аддзела тэхнічнага сэрвісу даступны кругласутачна. "Рэжым павышанай баявой гатоўнасці для забеспячэння працаздольнасці рухавікоў на тэхніцы, занятай у аграрным сектары, будзе выконвацца да канца сельскагаспадарчага сезона", - падкрэслілі на прадпрыемстве.

Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вырабе сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндравых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасцей ад 7 да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры 49 прадпрыемстваў Беларусі, краін СНД і далёкага замежжа, прадукцыя прадаецца ў больш як 50 краін Еўропы, Азіі, Афрыкі, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі