Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 снежня 2019, 12:50

Ляшэнка расказаў, што перашкаджае Беларусі і В'етнаму дасягнуць тавараабароту $500 млн

12 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Мытныя пошліны ў АСЕАН абмяжоўваюць развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В'етнамам. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Ляшэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пакуль істотным абмежаваннем з'яўляюцца мытныя пошліны ў АСЕАН (Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі. - Заўвага БЕЛТА). Па лёгкай прамысловасці і электратэхніцы яны даходзяць да 50 працэнтаў, - расказаў Ігар Ляшэнка. - Без вырашэння названых пытанняў гарантавана заявіць пра ўзяцце гэтай планкі будзе складана. А гэта даволі працяглы працэс, над гэтым мы цяпер і працуем".

Паводле яго слоў, у бягучым годзе тэмп росту тавараабароту Беларусі і В'етнама можа скласці 170 працэнтаў. У студзені-верасні ён склаў $153,4 млн, а за ўвесь 2018-ы - каля $115 млн. Вялікія надзеі Беларусь ускладае на нядаўна адкрытую ў В'етнаме зборачную вытворчасць грузавікоў МАЗ. Акрамя таго, на в'етнамскіх кар'ерах завяршаюцца выпрабаванні самазвалаў БелАЗ. Магчыма, па іх выніках будуць заключаны кантракты на куплю беларускай кар'ернай тэхнікі.

Віцэ-прэм'ер таксама расказаў, што ў В'етнаме практычна пабудавана сумесная малочная вытворчасць. Плануецца, што Беларусь будзе пастаўляць у гэту краіну сухое малако, з якога ў далейшым стануць вырабляць малочныя прадукты. Запуск вытворчасці намечаны на 2020 год.

"Назіраецца ўстойлівая актывізацыя паставак", - у цэлым апісаў гандлёва-эканамічныя адносіны паміж краінамі Ігар Ляшэнка.

Задача выйсці на тавараабарот у памеры $500 млн была пастаўлена ў сярэдзіне 2017 года ў час візіту былога Прэзідэнта В'етнама Чан Дай Куанга ў Мінск. "Нашай мэтай у бліжэйшыя год-два стане тавараабарот у аб'ёме паўмільярда долараў", - заявіў тады па выніках перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі