Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 студзеня 2018, 16:15

Лепшыя тавары 2017 года вызначаны ў Беларусі

15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лаўрэатамі конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь" 2017 года прызнаны 263 тавары, што выпускаюцца 154 арганізацыямі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржстандарту.

У намінацыі "Харчовыя тавары" пераможцамі сталі 172 тавары 83 арганізацый. Лепшымі прамысловымі таварамі для насельніцтва і вырабамі народных промыслаў вызначана 32 тавары-пераможцы 27 прадпрыемстваў; у намінацыі "Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння" - 51 тавар-лаўрэат 39 арганізацый. У намінацыі "Паслугі насельніцтву" звання лаўрэата конкурсу ўдастоены 8 арганізацый.

Статус "Навінка года", заснаваны з мэтай стымулявання выпуску новых відаў прадукцыі, паляпшэння яе характарыстык і ўласцівасцей, прымянення сучасных тэхналогій і матэрыялаў, прысуджаны 37 таварам рознага прызначэння.

Узнагароды "Лепшы ў галіне" прысуджаны 11 арганізацыям, якія набралі найбольшую колькасць балаў у асобным галіновым напрамку. Іх уладальнікамі сталі ААТ "Савушкін прадукт", Ваўкавыскі мясакамбінат, Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод "Белалка", Мінскхлебпрам хлебазавод нумар 2, СААТ "Камунарка" (Мінск), Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне, ААТ "Краснасельскбудматэрыялы", ААТ "Гродна Азот", Гомельскі завод ліцця і нармалей, Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання, Гродзенскі абласны клінічны перынатальны цэнтр.

Спецыяльная ўзнагарода "Лепшы ў рэгіёне" прысуджана 25 прадпрыемствам, якія набралі найбольшую колькасць балаў у сваім рэгіёне ў рамках канкрэтнай намінацыі конкурсу.

Дыплома "Стабільная якасць" удастоены 34 арганізацыі, тавары якіх станавіліся лаўрэатамі конкурсу пяць і больш разоў запар. Самі арганізацыі пацвярджалі належную якасць прадукцыі або паслугі на працягу не менш як год, што папярэднічаў правядзенню конкурсу; маюць сертыфікаваныя сістэмы менеджменту, адпаведныя патрабаванням СТБ ISO 9001, СТБ ІСО 14001, СТБ 18001 і інш., а таксама былі лаўрэатамі розных конкурсаў у галіне якасці. У іх ліку - ААТ "Савушкін прадукт", Пружанскі малочны камбінат, ваўкавыскае ААТ "Беллакт", Пастаўскі малочны завод, Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў, Віцебскі мясакамбінат, СП ААТ "Спартак", СТАА "Белвест", ААТ "Магатэкс", ТДА "Беллесвыраб", ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія", СТАА "Бел-Пласт Інтэрнэшнл" (Ліда), ААТ "Гомсельмаш" і іншыя.

Конкурс "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь" праводзіцца ў два этапы. На першым (абласным) конкурснымі камісіямі вызначаюцца тавары-фіналісты і сярод іх тавары, што прэтэндуюць на прысуджэнне статусу "Навінка года", а таксама прэтэндэнты для прысуджэння спецыяльнай узнагароды "Лепшы ў рэгіёне". Пры гэтым ацэньваюцца ўсе аспекты дзейнасці арганізацыі, што аказваюць уплыў на якасць прадукцыі (вытворча-тэхналагічныя, сацыяльныя, таварна-фінансавыя, нарматыўна-метралагічныя, інфармацыйна-рэкламныя, а таксама ў галіне энергазберажэння і бяспекі). На другім этапе конкурсу (рэспубліканскім) конкурсная камісія прымае рашэнне аб прысуджэнні таварам звання лаўрэата і статусу "Навінка года", а канкурсантам - спецыяльных узнагарод "Лепшы ў галіне" і "Лепшы ў рэгіёне", дыплома "Стабільная якасць".

Пры падвядзенні канчатковых вынікаў конкурсу рэспубліканская конкурсная камісія ўлічвала водгукі спажыўцоў, што паступілі адносна арганізацый і іх прадукцыі і паслуг, якія паспяхова прайшлі першы (абласны) этап конкурсу і сталі фіналістамі. За час правядзення апытання ў рамках конкурсу 2017 года было атрымана 11 835 галасоў спажыўцоў (10 986 - "падабаецца" і 849 - "не падабаецца"). Пры гэтым кожны спажывец змог прыняць удзел у галасаванні толькі адзін раз.

Арганізацыям, тавары якіх удастоены звання лаўрэата, будуць уручаны дыпломы і прадастаўлена права размяшчэння лагатыпа конкурсу на таварах і іх упакоўцы, а таксама ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі