Сцяг Субота, 14 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 мая 2025, 18:11

Лепшае ў беларускай нафтахіміі прэзентавана на выстаўцы "Газ. Нафта. Тэхналогіі" ва Уфе

Фота Нацыянальнага цэнтра маркетынгу
Фота Нацыянальнага цэнтра маркетынгу
21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адным з мерапрыемстваў праграмы Расійскага нафтагазахімічнага форуму ва Уфе стала міжнародная выстаўка "Газ. Нафта. Тэхналогіі", дзе флагманы беларускай нафтахімічнай галіны дэманструюць узоры прадукцыі, найбольш запатрабаванай на ўнутраным рынку і экспартных напрамках, а таксама знаёмяць з навінкамі вытворчасці. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Беларускім дзяржаўным канцэрне па нафце і хіміі.

Канцэрн "Белнафтахім" аб'яднаў на пляцоўцы экспазіцыі буйнейшых айчынных прадпрыемстваў: бабруйскую "Белшыну", Гомельскі хімічны завод, лідскую "Лакафарбу", "Гродна Азот", "Магілёўхімвалакно", Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, наваполацкі "Нафтан", "Полацк-Шкловалакно", Завод горнага воску і "Белнафтахім-РОС".

Як удакладнілі ў канцэрне, на стэндзе беларускіх нафтахімікаў пабывалі ўжо намеснік міністра прамысловасці і гандлю Расіі Міхаіл Юрын і міністр прамысловасці, энергетыкі і інавацый Башкортастана Аляксандр Шальдзяеў. У прыватнасці, Міхаіл Юрын падкрэсліў, што нафтагазахімічная галіна застаецца стратэгічным драйверам эканомікі Расіі, не толькі забяспечваючы энергетычную бяспеку краіны, але і ствараючы аснову для ўмацавання яе тэхналагічнага лідарства. На яго думку, ва ўмовах глабальных выклікаў асабліва важна аб'ядноўваць намаганні для развіцця інавацый і  фарміравання ўстойлівых вытворчых ланцужкоў.

Дзелавой праграмай выстаўкі "Газ. Нафта. Тэхналогіі" прадугледжаны шэраг галіновых дыскусій, круглых сталоў, навукова-практычных канферэнцый, што прыцягваюць прафесіяналаў галіны для абмеркавання прагнозаў развіцця, асноўных трэндаў, выклікаў і перспектыў. Галоўнымі тэмамі для дыскусій у рамках дзелавой праграмы Расійскага нафтагазахімічнага форуму на гэты раз сталі стратэгічныя выклікі галіны, нацыянальныя праекты і ключавыя сцэнарыі развіцця. У мерапрыемствах удзельнічаюць 350 кампаній з 40 рэгіёнаў Расіі і замежжа, а менавіта Беларусі, Кітая, Рэспублікі Карэя, Азербайджана, Казахстана і не толькі.

За тры дзесяцігоддзі правядзення міжнародная выстаўка "Газ. Нафта. Тэхналогіі" стала буйнейшай платформай для дэманстрацыі навінак вытворчасці, абсталявання і тэхналогій, увайшла ў топ-3 падзей у нафтагазахімічнай галіне Расіі. Форум і выстаўка, якія атрымалі пастаянную прапіску ў сталіцы Башкортастана - аднаго з самых багатых на нафту рэгіёнаў федэрацыі, - гэта сінергія дзелавых партнёраў, калег і нават канкурэнтаў з розных краін, якая нязменна прыносіць усім удзельнікам дзелавую карысць.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі