Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 красавіка 2020, 15:17

Кыргызстан прапануе ўзмацніць ролю ЕАБР для пераадолення наступстваў СОVID-19

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для пераадолення негатыўных наступстваў распаўсюджвання СОVID-19 неабходна ўзмацніць ролю Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў на рабочай сустрэчы членаў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якая адбылася ў рэжыме відэаканферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў цяперашніх умовах трэба пераарыентаваць работу фінансавых структур ЕАЭС. "Лічу, што надышоў час перагледзець некаторыя прынцыпы работы фонду. Неабходна скараціць тэрміны разгляду крэдытаў на бюджэтную падтрымку ў крызісных сітуацыях, павялічыць долю фінансавання на грантавай аснове. Важную ролю можа адыграць Еўразійскі банк развіцця ў стварэнні новых механізмаў падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу", - сказаў Сааранбай Жээнбекаў.

Ён таксама настойвае на тым, каб адзіны рынак ЕАЭС функцыянаваў без бар'ераў, абмежаванняў і выключэнняў. "Увядзенне абмежаванняў на экспарт або імпарт тавараў апраўдана толькі ў адносінах да трэціх краін. У нас у саюзе ёсць усе магчымасці для забеспячэння краін асноўнымі харчовымі таварамі. Унутры ЕАЭС не павінна быць абмежаванняў ва ўзаемным гандлі сацыяльна значнымі таварамі", - падкрэсліў Прэзідэнт Кыргызстана.

Ва ўмовах усеагульнай ізаляцыі і вымушанага закрыцця граніц паміж краінамі ён прапанаваў арганізаваць "зялёныя калідоры" і вызначыць пералік тавараў, якія будуць бесперашкодна перамяшчацца па іх. У ліку ініцыятыў Кыргызстана таксама арганізацыя сумеснай работы медыцынскіх службаў і абнуленне мытных пошлін у ЕАЭС на медыцынскія і сацыяльна значныя тавары.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі