Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 верасня 2024, 12:35

Кухараў: форум эканамічнага супрацоўніцтва садзейнічае заключэнню ўзаемавыгадных пагадненняў
 

13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва ў Мінску садзейнічае заключэнню ўзаемавыгадных пагадненняў. Аб гэтым заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Штогадовае правядзенне такога эканамічнага форуму дае свае плённыя вынікі. Мы бачым па аналізе інфармацыі, якая паступае ад прадпрыемстваў і арганізацый, што форум дае эфект, паколькі на гэтай пляцоўцы прадстаўнікі бізнесу могуць знаёміцца, размаўляць, абменьвацца кантактамі. Гэта прыводзіць у далейшым да заключэння ўзаемавыгадных пагадненняў", - сказаў Уладзімір Кухараў.
Паводле яго слоў, з кожным годам колькасць удзельнікаў форуму павялічваецца. "Гэта сведчыць аб тым, што пляцоўка форуму становіцца цікавай для самых розных напрамкаў. Штогод з'яўляюцца новыя галіновыя прапановы, якія, думаю, будуць станавіцца больш аб'ёмнымі і ахопліваць усё больш сфер. Няма ніякіх меж, магчыма вырашаць любыя праблемы. Задача такіх мерапрыемстваў - знайсці агульныя падыходы, даць магчымасць для ўзаемадзеяння і абмеркавання. Галоўнае ў сучасным свеце - развіццё камунікацыі, і наш форум з'яўляецца менавіта той камунікатыўнай пляцоўкай, якая дае магчымасць вырашаць многія праблемы. Гатовы сёння выслухаць любыя прапановы", - адзначыў старшыня Мінгарвыканкама.
Форум праводзіцца ў Мінску напярэдадні Дня горада. "Прыемна, што гэта свята аб'ядноўвае не толькі мінчан, але і нашых шматлікіх сяброў. Сёння тут людзі, якія разумеюць, што міжнародныя адносіны, узаемадзеянне - гэта залог будучыні. Толькі так, мірна вырашаючы любыя пытанні, працуючы разам, мы можам дасягаць цудоўных вынікаў. Сфарміраваныя сёння на форуме прапановы і напрацоўкі будуць рэалізоўвацца на працягу ўсяго года", - рэзюмаваў Уладзімір Кухараў.
Міжнародны форум эканамічнага супрацоўніцтва праходзіць сёння ў сталіцы, ён прымеркаваны да святкавання 957-годдзя Мінска. На мерапрыемства запрошаны госці з Расійскай Федэрацыі, краін далёкага і блізкага замежжа. У ім прымаюць удзел кіраўнікі адміністрацый і выканаўчай улады, бізнес-асацыяцый, уласнікі і топ-менеджары буйных кампаній, зацікаўленыя ў наладжванні і пашырэнні гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, прадстаўнікі арганізацый розных форм уласнасці Беларусі, Расіі, далёкага і блізкага замежжа.
Праграма акрамя пленарнага пасяджэння ўключае работу трох секцый па тэмах "Стратэгічныя прыярытэты развіцця эканомікі", "Івестыцыі, інавацыі і магчымасці", "Перспектывы развіцця індустрыяльных паркаў, тэхнапаркаў і СЭЗ Расіі і Беларусі, іх роля ў выбудоўванні эканамічнай і тэхналагічнай незалежнасці". Таксама прадугледжана правядзенне перагавораў у фармаце Small talk.
Арганізатарамі форуму выступаюць Мінскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Мінскі гарвыканкам.-0-

Фота Віталя Піваварчыка
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі