Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 верасня 2022, 16:32

Крутой заявіў аб гатоўнасці Беларусі забяспечыць Таджыкістан любымі відамі машынабудаўнічай тэхнікі

15 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой сёння ў Маскве на сустрэчы з паслом Таджыкістана ў РФ Даўлатшохам Гулмахмадзодам заявіў аб гатоўнасці забяспечыць таджыкскі бок любымі відамі машынабудаўнічай тэхнікі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай дыпмісіі.

Дыпламаты асабліва падкрэслілі блізкія і дружалюбныя адносіны лідараў дзвюх краін і далі высокую ацэнку развіццю палітычнага дыялогу на ўсіх узроўнях. "Пазітыўна адзначылі ролю беларуска-таджыкскай міжурадавай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У сувязі з назіраемым у гэтым годзе зніжэннем аб'ёмаў узаемнага гандлю адзначылі, што па выніках праведзенага пасяджэння гэтай камісіі ў чэрвені 2022 года ў Мінску знойдзены рашэнні, што выправяць сітуацыю. Даўлатшох Гулмахмадзода звярнуў увагу, што 2022-2026 гады аб'яўлены прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам гадамі развіцця прамысловасці. У гэты перыяд плануецца забяспечыць сярэднегадавое развіццё эканомікі на ўзроўні не меншым за 7 працэнтаў і павялічыць аб'ём ВУП на душу насельніцтва ў два разы, стварыць больш за 500 тыс. новых рабочых месцаў і знізіць узровень беднасці да 15 працэнтаў. У вырашэнні гэтых задач прапанавана актыўна ўдзельнічаць беларускім кампаніям. Асобна выказана пажаданне прадоўжыць падрыхтоўку ў Мінску таджыкскіх спецыялістаў для розных сфер эканомікі", - расказалі ў прэс-службе.

"Дзмітрый Крутой падтрымаў гэту пазіцыю і выказаў гатоўнасць беларускага боку забяспечыць Таджыкістан любымі відамі машынабудаўнічай тэхнікі, перш за ўсё кар'ернай і дарожнай, для рэалізацыі інфраструктурных праектаў гарнаруднай і электраэнергетычнай прамысловасці краіны, - падкрэслілі ў дыпмісіі. - Ён адзначыў магчымасць істотнага павелічэння паставак на таджыкскі рынак новых мадэлей беларускіх аўтобусаў, грузавікоў, прадукцыі дрэваапрацоўкі, нафтахіміі і металургіі".

Пасол Беларусі выказаў пажаданне адкрыць сумесныя вытворчасці па зборцы ліфтаў, бытавой тэхнікі і мэблі. Ён таксама прапанаваў не толькі павялічыць мэтавы набор таджыкскіх грамадзян у ВНУ Беларусі, але і актыўна развіваць дзейнасць сумесных факультэтаў.

"Асобна бакі абмеркавалі тэму процідзеяння заходнім санкцыям, магчымасці новых лагістычных маршрутаў на рынкі трэціх краін, дэдаларызацыю разлікаў і фінансавыя інструменты падтрымкі экспарту і кааперацыйных праектаў. Дзмітрый Крутой і Даўлатшох Гулмахмадзода ўзаемна прызналі ролю рынку краін СНД як у эканамічным, так і гуманітарным вымярэннях, якая вырасла ў бягучых складаных умовах, а таксама ў сферы бяспекі. Дамовіліся каардынаваць сумесныя намаганні на пляцоўцы СНД па вылучэнні самых актуальных ініцыятыў па зніжэнні бар'ераў гандлю, узмацненні лагістыкі і фінансавай падтрымкі прадпрыемстваў", - дадалі ў прэс-службе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі