Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 сакавіка 2020, 13:20

Крутой: Беларусь разглядае магчымасць рэструктурызацыі часткі знешняга доўгу

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разглядае магчымасць рэструктурызацыі часткі знешняга доўгу. Аб гэтым сёння журналістам заявіў першы намеснік прэм'ер-міністра Дзмітрый Крутой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Дзмітрыя Крутога, прапановы аб рэструктурызацыі часткі знешняга доўгу гучаць. "Тыя крэдытныя лініі, якія ў нас былі ўзяты на стандартных умовах... Мы спрабуем выйсці на партнёраў, нягледзячы на каранцінныя абмежаванні і іншае, і ўнясём прапановы па рэструктурызацыі часткі знешняга доўгу, - сказаў першы віцэ-прэм'ер. - Абмяркоўваліся толькі крэдытныя лініі міжнародных фінансавых арганізацый (Сусветны банк, ЕБРР і ЕІБ). Ніякага дэфолтнага стану. Усё абслугоўванне доўгу ідзе ў звычайным рэжыме. Еўрабондаў гэта тэма наогул не датычыцца".

У якасці прыкладу ён прывёў Сусветны банк, які анансаваў выдзяленне прямой дапамогі, у тым ліку на ліквідацыю наступстваў каранавіруса. "Мы пакуль такіх грошай у яго не запытвалі. Але ў частцы даўгавых ліній, думаю, можам з імі папрацаваць", - адзначыў Дзмітрый Крутой.

Што датычыцца перспектыў супрацоўніцтва з МВФ, то першы віцэ-прэм'ер нагадаў, што фонд, зыходзячы са сваіх правіл, не вядзе перагаворы аб крэдытах або заключэнні новых краінавых праграм у час электаральных кампаній. "Пасля выбараў будзем з імі сустракацца і гэту тэму абмяркоўваць", - растлумачыў Дзмітрый Крутой.

Ён пракаменціраваў таксама дамоўленасці з Расіяй у нафтавай сферы, заклікаўшы не спяшацца і дачакацца фінальных рашэнняў. "Квартал ужо прайшоў, таму тут трэба яшчэ тэхнічныя магчымасці заводаў ацаніць. Як яны змогуць гэта ўсё перапрацаваць", - удакладніў ён.

Як паведамлялася, расійскі бок цалкам падтрымаў прапановы Беларусі па пастаўках нафты. У суботу 21 сакавіка на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы разглядаўся комплекс пытанняў, якія датычацца куплі сыравіны, загрузкі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, задавальнення попыту на нафтапрадукты ўнутры краіны і экспартных паставак. Як заявіў па выніках журналістам старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў, у Беларусі фарміруецца сыравінны пакет для нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў на другі квартал. Абмяркоўваліся як розныя прапановы ад пастаўшчыкоў з Расійскай Федэрацыі, так і прадаўжэнне работы па пастаўках з альтэрнатыўных крыніц. Стаіць задача сфарміраваць увесь сыравінны пакет для заводаў, каб яны стабільна і на эфектыўным узроўні працавалі ўвесь другі квартал, не толькі забяспечваючы ўнутраны рынак, але і выконваючы свае кантракты на знешнім перыметры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі