Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 ліпеня 2022, 16:51

Крупко: задача перад прамысловасцю па асваенні новых рынкаў застаецца актуальнай

27 ліпеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Задача па асваенні новых рынкаў перад прамысловасцю і будаўнічым комплексам прадаўжае заставацца актуальнай. Акцэнт на гэтым зрабіў сёння старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко на пасяджэнні аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На пасяджэнні падводзяць вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў студзені - чэрвені. У абмеркаванні пытання прымае ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў.

Паводле слоў губернатара, у цэлым эканоміка Гомельскай вобласці ў першым паўгоддзі спрацавала стабільна. "Праведзена пэўная работа па дыверсіфікацыі экспартных паставак, замяшчэнні імпартных матэрыялаў і камплектуючых. Гэта дае магчымасць забяспечваць рытмічную работу прадпрыемстваў, а таксама паступленне падаткаў для выканання сацыяльных абавязацельстваў", - сказаў Іван Крупко.

Ён адзначыў, што санкцыйныя абмежаванні аказалі ўплыў на ўмовы вядзення бізнесу. "Страты ад экспарту нашай прадукцыі ў недружалюбныя краіны шэрагам прадпрыемстваў часткова кампенсуюцца за кошт асваення новых рынкаў, асабліва расійскага. У цэлым экспартныя пастаўкі за пяць месяцаў у Расійскую Федэрацыю павялічыліся на 23 працэнты да аналагічнага перыяду мінулага года. Але такія вынікі не ва ўсіх прадпрыемстваў. Задача па асваенні новых рынкаў перад прамысловасцю прадаўжае заставацца актуальнай", - падкрэсліў кіраўнік рэгіёна.

"Аналагічна і для будаўнічага комплексу. Нашы будаўнікі пачалі ўжо ў Расіі ўзвядзенне жылых дамоў і падыходзяць да сацыяльных аб'ектаў. Але магутнасці будаўнічых арганізацый маюць рэзервы, і іх трэба сёння задзейнічаць і на ўнутраных рынках, і на знешніх", - дадаў ён.

Губернатар звярнуў увагу таксама на ўсё большую ў свеце значнасць сельскай гаспадаркі, на прадукцыю якой фіксуецца павышаны попыт на знешніх рынках.

Гаворачы аб рабоце вобласці ў першым паўгоддзі, Іван Крупко адзначыў: у рэгіёне няма ніводнай галіны, дзе заработная плата знізілася б у гэтым годзе. "У сярэднім па вобласці яна прырасла на 15,3 працэнта. У сельскагаспадарчых арганізацыях - на 16,8 працэнта, прамысловых - на 17,2 працэнта, у будаўніцтве - на 9,8 працэнта, гандлі - на 15,6 працэнта", - прывёў вынікі ён.

Фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў маюць дадатную дынаміку, забяспечана рэнтабельная работа ўсіх галін эканомікі. "Але мы не выканалі ў поўным аб'ёме задачы, пастаўленыя перад вобласцю кіраўніком дзяржавы і ўрадам. Адпаведна вынік нас не можа задавальняць", - акцэнтаваў увагу губернатар. Так, тэмп валавога рэгіянальнага прадукту за студзень - чэрвень склаў 96,1 працэнта пры прагнозе 101 працэнт. Ёсць недабор па інвестыцыях у асноўны капітал, недапрацоўкі па зніжэнні затрат.

"Хачу пачуць, што зроблена для атрымання выніку і выканання пастаўленых задач, а таксама што неабходна дадаткова зрабіць у другім паўгоддзі для выхаду эканомікі на ўзровень не ніжэйшы за мінулагодні. Гэта мінімальная задача", - сказаў Іван Крупко.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі