Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 ліпеня 2020, 17:37

Крупко: перад АПК Беларусі стаяць маштабныя задачы па мадэрнізацыі і нарошчванні экспарту

1 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маштабныя задачы па мадэрнізацыі і нарошчванні экспарту сёння стаяць перад АПК Беларусі. Аб гэтым заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Крупко на цырымоніі ўзнагароджання сельскагаспадарчых арганізацый Мінскай вобласці па выніках рэспубліканскага спаборніцтва па дасягненні высокіх паказчыкаў у аграпрамысловай вытворчасці за 2019 год, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінсельгасхарча.

"Мінская вобласць традыцыйна з'яўляецца адным з ключавых аграрных рэгіёнаў Беларусі, штогод дэманструючы стабільныя тэмпы развіцця сельскай гаспадаркі. Сёння, калі перад АПК рэгіёна і ўсёй краіны ў цэлым стаяць маштабныя задачы па ўмацаванні харчовай бяспекі, тэхнічнай і тэхналагічнай мадэрнізацыі, нарошчванні экспартнага патэнцыялу, правядзенне такіх мерапрыемстваў і конкурсаў асабліва актуальнае", - сказаў Іван Крупко.

Ён адзначыў, што ў 2019 годзе, нягледзячы на складаныя кліматычныя ўмовы, аграрыі Міншчыны паказалі высокія вынікі. Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак рэгіёна была забяспечана валавая вытворчасць збожжа ў аб'ёме 1,9 млн т (124 працэнты да ўзроўню 2018 года), рапсу - 158 тыс. т (144 працэнты), ільновалакна - 8,3 тыс. т (128 працэнтаў), цукровых буракоў - амаль 2 млн т (106 працэнтаў), бульбы - 1,5 млн т (109 працэнтаў), агародніны - 471 тыс. т (106 працэнтаў). Нарыхтавана больш за 2 млн т кармавых адзінак травяных кармоў (108 працэнтаў да ўзроўню 2018 года), што склала 28 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. "У бягучым годзе, нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную абстаноўку, пасяўная праведзена ў цэлым у агратэхнічныя тэрміны, падтрымліваецца бесперапыннасць вытворчага працэсу. Веснавая сяўба ў Мінскай вобласці выканана на плошчы 573 тыс. га, або 101 працэнт да ўзроўню 2019 года. Пры гэтым ёсць на 25 працэнтаў больш мінеральных угнаенняў, што, безумоўна, паўплывае на прадукцыйнасць сельскагаспадарчых культур", - адзначыў міністр.

Іван Крупко ўручыў прадстаўнікам сельгасарганізацый Мінскай вобласці падзякі Прэзідэнта і прэм'ер-міністра, а таксама ганаровыя граматы Мінсельгасхарча. У ліку ўзнагароджаных - ААТ "Косіна" Лагойскага раёна, ААТ "Кухчыцы" Клецкага раёна, ААТ "Ігнацічы" Мінскага раёна, ААТ "Салігорская птушкафабрыка", ААТ "Слуцкі хлебазавод", Клецкі філіял ААТ "Слуцкі сыраробны камбінат" і іншыя прадпрыемствы, а таксама аграрыі рэгіёна.

Міністр у час цырымоніі таксама падвёў вынікі развіцця галіны за апошнія дзесяцігоддзі. "Дзякуючы праведзенай у суверэннай Беларусі маштабнай мадэрнізацыі ўсяго сектара АПК мы атрымліваем малака ў 2,3 раза больш, чым у 1995 годзе (у 2019 годзе было больш за 7 млн т), вытворчасць мяса павялічылі практычна ў тры разы (у 2019-м - больш за 1,8 млн т). Забяспечылі цалкам унутраны рынак прадуктамі харчавання (больш за 1, 5 тыс. найменняў малочнай прадукцыі і больш за 1 тыс. найменняў мясной), маем адзін з лепшых вынікаў вытворчасці малака на душу насельніцтва (786 кг)", - адзначыў ён. Беларуская сельгаспрадукцыя экспартуецца больш як у 100 краін свету. Па такіх пазіцыях, як сметанковае масла і сухая малочная сыроватка, Беларусь займае трэцяе месца па экспарце ў свеце, па сыры і тварагу - чацвёртае, сухім абястлушчаным малаку - пятае.

"Сучасная сельская гаспадарка немагчыма без найноўшых тэхналогій і навуковых адкрыццяў. Дзякуючы айчынным распрацоўкам абнаўляецца парк сельгастэхнікі, ствараюцца сучасныя перапрацоўчыя вытворчасці, вырошчваюцца багатыя ўраджаі, укараняюцца сучасныя метады землекарыстання", - рэзюмаваў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі