Сцяг Аўторак, 24 чэрвеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 мая 2025, 10:41

Конкурс на лепшую маладзёжную работу ў сферы інтэлектуальнай уласнасці аб'явіў НЦІУ
 

Фота з архіва
Фота з архіва
7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці аб'яўляе аб правядзенні конкурсу сярод моладзі на лепшую работу ў сферы інтэлектуальнай уласнасці ў 2024/25 навучальным годзе, паведамілі БЕЛТА ў патэнтным ведамстве.

Арганізатары лічаць, што конкурс дапаможа прыцягнуць увагу грамадскасці да пытанняў інтэлектуальнай уласнасці, будзе садзейнічаць папулярызацыі навукі ў гэтай сферы сярод моладзі і пасадзейнічае фарміраванню навуковага і кадравага патэнцыялу для забеспячэння эфектыўнага кіравання інтэлектуальнай уласнасцю.

Конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: "Лепшая магістарская дысертацыя ў сферы інтэлектуальнай уласнасці", "Лепшая дыпломная работа ў сферы інтэлектуальнай уласнасці", "Лепшая курсавая работа ў сферы інтэлектуальнай уласнасці", "Лепшы артыкул у сферы інтэлектуальнай уласнасці", "Лепшае эсэ ў сферы інтэлектуальнай уласнасці", "Лепшая работа практыкуючага спецыяліста ў сферы інтэлектуальнай уласнасці". Удзельнікі павінны быць не старэйшыя за 35 гадоў. Прыём конкурсных заявак адкрыты да 20 верасня.

На конкурс у намінацыях "Лепшая магістарская дысертацыя ў сферы інтэлектуальнай уласнасці", "Лепшая дыпломная работа ў сферы інтэлектуальнай уласнасці" і "Лепшая курсавая работа ў сферы інтэлектуальнай уласнасці" падаюцца самастойна выкананыя магістарскія, дыпломныя і курсавыя работы адпаведна, якія прайшлі абарону ў год правядзення конкурсу або ў папярэдні, але не прымалі ўдзел у конкурсе.

У намінацыю "Лепшы артыкул у сферы інтэлектуальнай уласнасці" прадстаўляюцца самастойна падрыхтаваныя і раней не апублікаваныя артыкулы, у намінацыі "Лепшае эсэ ў сферы інтэлектуальнай уласнасці" будуць ацэнены такія ж эсэ. На конкурс у намінацыі "Лепшая работа практыкуючага спецыяліста ў сферы інтэлектуальнай уласнасці" могуць падавацца як артыкулы, так і эсэ, якія не ўдзельнічалі ў іншых намінацыях. Ад канкурсанта ў адной намінацыі падаецца адна работа.

Тэматыка конкурсных работ, як растлумачылі ў НЦІУ, павінна ўключаць актуальныя пытанні кіравання інтэлектуальнай уласнасцю, у тым ліку прававое забеспячэнне адносін, якія складваюцца пры стварэнні і выкарыстанні аб'ектаў права прамысловай уласнасці, аўтарскага права і сумежных правоў, эканамічныя аспекты інтэлектуальнай уласнасці, калектыўнае кіраванне маёмаснымі правамі аўтараў і іншых праваўладальнікаў, патэнтна-інфармацыйнае забеспячэнне сістэмы інтэлектуальнай уласнасці і іншыя аспекты.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі