Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 снежня 2019, 12:23

Кітай лічыць паспяховай рэалізацыю сумесных будаўнічых праектаў у Беларусі - Цуй Цымін

6 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кітай лічыць паспяховай рэалізацыю сумесных будаўнічых праектаў у Беларусі. Важнасць гэтага адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Мінску Цуй Цымін 5 снежня на цырымоніі завяршэння другога этапу будаўніцтва сацыяльнага жылля ў Беларусі.

Дыпламат сказаў, што праект рэалізуецца ў адпаведнасці з дамоўленасцямі на вышэйшым узроўні. "Ён ажыццёўлены ў шасці беларускіх абласцях і горадзе Мінску з выкарыстаннем сродкаў тэхніка-эканамічнай дапамогі кітайскага ўрада. Будаўніцтва пачалося ў жніўні 2016 года і было завершана ў снежні 2019-га. Усяго пабудавана 38 дамоў - 3286 кватэр сацыяльнага жылля агульнай плошчай 200 тыс. кв. м, што дасць магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы малазабяспечаных сем'яў", - адзначыў пасол.

"Цяпер мы рыхтуемся да рэалізацыі трэцяга этапу ўзвядзення сацыяльнага жылля , на якім будзе пабудавана 20 дамоў - 1166 кватэр сацыяльнага жылля агульнай плошчай 66 тыс. кв. м у шасці абласцях Беларусі, - прадоўжыў Цуй Цымін. - Будаўніцтва пачнецца ў 2020 годзе. Рэалізацыя гэтых будаўнічых праектаў у поўнай меры адлюстроўвае дружбу кітайскага і беларускага народаў, а таксама садзейнічае сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны".

Пасол адзначыў, што Кітай і Беларусь з'яўляюцца ўсепагоднымі добрымі сябрамі. "У бягучым годзе Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустракаліся двойчы, што ў поўнай меры сведчыць аб высокім узроўні адносін паміж нашымі краінамі. У апошнія гады кітайска-беларускае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства, заснаванае на ўзаемным даверы, супрацоўніцтве і ўзаемным выйгрышы, прадаўжае развівацца", - падкрэсліў ён.

Цуй Цімін звярнуў увагу на сумесную работу па рэалізацыі канцэпцыі "Адзін пояс, адзін шлях", якая прыносіць добрыя вынікі. Ён расказаў аб некаторых прыкладах паспяховага двухбаковага супрацоўніцтва: "Сумеснымі намаганнямі з выкарыстаннем тэхніка-эканамічнай дапамогі кітайскага ўрада пабудаваны студэнцкі інтэрнат, тэрапеўтычны корпус у Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Завершаны праекты "Будаўніцтва сістэмы электрыфікацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка", "Будаўніцтва жылога арэнднага комплексу на тэрыторыі "Вялікага каменя". Актыўна будуецца Кітайска-беларускі цэнтр супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічных дасягненняў, які будзе завершаны ў пачатку наступнага года".

Сярод важных сумесных праектаў - узвядзенне нацыянальнага футбольнага стадыёна, басейна міжнароднага стандарту. Пасол выказаў упэўненасць, што паспяховае іх будаўніцтва стане важкім укладам ва ўмацаванне стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі