Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 лістапада 2022, 14:15

Кажамяка прагназуе далейшы рост узаемнага гандлю і прыход у Прымор'е беларускіх вытворцаў

28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Губернатар Прыморскага края Расіі Алег Кажамяка прагназуе далейшы рост узаемнага гандлю з Беларуссю і развіццё ў рэгіёне тавараправоднай сеткі беларускіх вытворцаў. Аб гэтым кіраўнік Прымор'я заявіў журналістам пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Алег Кажамяка звярнуў увагу, што ўрадавая дэлегацыя Прымор'я абавязкова раз у год бывае ў Беларусі, каб зверыць, як ідзе ўзаемадзеянне па розных напрамках. "Сустрэча з кіраўніком Рэспублікі Беларусь заўсёды дае дадатковы імпульс і надае паскарэнне ўсім працэсам, якія тут ідуць. Таму мы абавязкова наведваем Рэспубліку Беларусь", - сказаў ён.

Адным з абавязковых месцаў для наведвання дэлегацыяй Прымор'я стала выстава "Белагра", дзе дасягаюцца важныя дамоўленасці аб пастаўках харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі, тэхнікі для АПК. І гэта дае свой станоўчы вынік. Як сказаў губернатар, прыморцы рассмакавалі беларускую прадукцыю і за апошнія гады пастаўкі прадуктаў харчавання з Беларусі ў Прымор'е выраслі ў 8 разоў (з 2019 па 2021 год). А па выніках 2022 года гэты рост будзе яшчэ больш істотным.

Алег Кажамяка звярнуў увагу на рост цікавасці і да прадукцыі беларускіх прамысловых прадпрыемстваў. Напрыклад, за 10 месяцаў гэтага года Прыморскі край набыў прыкладна 109 адзінак тэхнікі, у тым ліку 21 аўтамабіль БелАЗ грузападымальнасцю 130 т. Цікавасць выклікае таксама камунальная тэхніка і пасажырскі транспарт. "Для нас цікавыя электробусы, - адзначыў Алег Кажамяка. - Іх каля 15 штук горад (Уладзівасток. - Заўвага БЕЛТА) прасіў наконт гэтага перагаварыць".

Акрамя таго, прадаўжаецца работа па стварэнні ва Уладзівастоку сэрвіснага цэнтра, дзе на адной пляцоўцы будзе прадстаўлена амаль 40 адзінак рознай тэхнікі беларускай вытворчасці. Услед за гэтым будзе развівацца тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў, упэўнены губернатар: "За павелічэннем тавараабароту абавязкова, я думаю, прыйдуць і вытворцы на прыморскую зямлю, каб ужо на месцы валодаць складскімі запасамі і працаваць, што называецца, на рэалізацыю". Паводле яго слоў, на выставачнай пляцоўцы знойдзецца месца для прадстаўлення прадукцыі іншых галін Беларусі, у тым ліку тавараў легпрама. "Адносна гэтага першы крок мы ўжо робім - ствараецца выставачная пляцоўка, у тым ліку для сэрвісу і продажу, на якой на першым этапе будзе тэхніка. Я думаю, што ўжо трэба для беларускіх прадпрыемстваў ствараць нейкі цэнтралізаваны склад (і мы ў гэтым дапаможам), дзе магла б быць на пастаяннай аснове прадукцыя, - сказаў кіраўнік рэгіёна.- За гэтым будучыня - у выбудоўванні і сумесных прадпрыемстваў па сельгаспрадукцыі, і ў тым ліку па тых прадстаўніцтвах і складах, якія маглі б быць на тэрыторыі Прыморскага края для рэалізацыі прадукцыі".

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з Прыморскім краем Расіі апошнія гады дынамічна развіваецца. Тавараабарот павялічыўся з $17,3 млн у 2020 годзе да $32,7 млн у 2021-м. Па выніках 9 месяцаў гэтага года ён вырас яшчэ амаль на 80 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў прыкладна $40 млн. Пры гэтым экспарт вырас больш чым удвая і дасягнуў $32,5 млн. Беларусь пастаўляе ў Прыморскі край у асноўным грузавыя аўтамабілі, спецыфічныя тавары, абсталяванне і ўстройствы для фільтравання вадкасцей і газаў, сыры і тварог, сметанковае масла і вяршкі, будаўнічыя дэталі з пластмас. Аснову імпарту з Прыморскага края склалі часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў, лекавыя сродкі, мука з мясных субпрадуктаў і рыбы, аксіды бору, электрычныя акумулятары.

Наладжана супрацоўніцтва расійскага рэгіёна са многімі прамысловымі прадпрыемствамі Беларусі. У прыватнасці, за 9 месяцаў гэтага года Мінскі электратэхнічны завод імя В.І.Казлова экспартаваў у рэгіён сілавыя трансфарматары на $1,6 млн (у 7,4 раза больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года). Летам гэта беларускае прадпрыемства падпісала мемарандум з Усурыйскім аўтарамонтным заводам, паводле якога плануецца арганізаваць зборачную вытворчасць сілавых трансфарматараў у Прыморскім краі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі