Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 лютага 2021, 14:39

Каранкевіч: павелічэнне электраспажывання - адна з прыярытэтных задач на пяцігодку

26 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Павелічэнне электраспажывання - адна з прыярытэтных задач на бліжэйшую пяцігодку. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На VI Усебеларускім народным сходзе кіраўніком дзяржавы былі абазначаны асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку. Таксама былі абазначаны прыярытэты ў энергетыцы - гэта павышэнне энергетычнай самастойнасці Беларусі за кошт дыверсіфікацыі відаў і пастаўшчыкоў ПЭР, павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва, аднаўляльных крыніц энергіі, зніжэнне залежнасці ад вуглевадароднай сыравіны за кошт уводу АЭС.

"На бягучы і наступныя гады наша першачарговая задача - забяспечыць увод у эксплуатацыю БелАЭС, правесці работы па яе далейшай інтэграцыі ў энергасістэму і эканоміку краіны. У прыватнасці, плануецца будаўніцтва пікава-рэзервовых крыніц, агульная ўстаноўленая магутнасць якіх - 800 МВт. Будзе прадоўжана работа па стварэнні ўмоў для павелічэння выкарыстання электраэнергіі як рэальным сектарам эканомікі, так і насельніцтвам, у першую чаргу для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Будзем павялічваць будаўніцтва і мадэрнізацыю высакавольтных падстанцый і размеркавальных ліній электраперадачы", - сказаў Віктар Каранкевіч.

Ён нагадаў, што ў студзені Міністэрства энергетыкі зацвердзіла праграму павелічэння электраспажывання для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы на 2021-2025 гады. Яе рэалізацыя дасць магчымасць павысіць даступнасць выкарыстання электрычнай энергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння як у існуючым жылфондзе, так і пры будаўніцтве новага электрыфікаванага жылля. Плануецца, што да канца пяцігодкі электраспажыванне для гэтых патрэб павялічыцца да 900 млн кВт.гадз.

Аб'ём спажывання насельніцтвам электраэнергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў Беларусі ў 2020 годзе вырас у сем разоў у параўнанні з 2019-м - з 12,9 млн кВт.гадз да 89,4 млн кВт.гадз.

У 2020 годзе ў энергазабеспячальныя арганізацыі паступіла 24,2 тыс. запытаў аб выдачы тэхнічных умоў на далучэнне электраўстановак аднакватэрных жылых дамоў да электрычных сетак на названыя мэты, з іх 19,2 тыс., або 80 працэнтаў, былі задаволены. Пры гэтым за мінулы год больш за 8 тыс. абанентаў перайшлі на разлікі па тарыфах на электрычную энергію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння. У цэлым за апошнія два гады колькасць такіх абанентаў перасягнула 11 тыс.

Міністр падкрэсліў, што, нягледзячы на няпростыя ўмовы, у цэлым па Мінэнерга ўсе даведзеныя ўрадам заданні і ключавыя паказчыкі за 2020 год выкананы. Забяспечана надзейнае забеспячэнне спажыўцоў краіны энергіяй, газам, паліўнымі брыкетамі. Аператыўна і зладжана ажыццяўлялася ўстараненне няштатных сітуацый, у тым ліку абумоўленых складанымі ўмовамі надвор'я. Прадаўжалася сістэмная работа па абнаўленні асноўных вытворчых фондаў і павышэнні надзейнасці газа- і энергазабеспячэння спажыўцоў.

Што датычыцца ключавога для галіны праекта - будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, - то ва ўстаноўленыя ўрадам тэрміны завершаны чарговы этап інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму краіны. Гэта будаўніцтва электракатлоў на ЦЭЦ і буйных кацельняў "Белэнерга". На канец 2020 года іх устаноўленая магутнасць склала 916 МВт. Гэтыя аб'екты ўжо актыўна выкарыстоўваліся ў студзені - лютым бягучага года ў рамках праводзімага этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі першага энергаблока БелАЭС.

Асаблівая ўвага ўдзялялася мадэрнізацыі энергетычнай інфраструктуры. За 2020 год пабудавана і рэканструявана 1,9 тыс. км ліній электраперадачы, 183 км цеплавых сетак, уведзена ў эксплуатацыю 1,4 тыс. км газаправодаў розных катэгорый, газіфікавана прыродным газам 32 тыс. кватэр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі