Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 мая 2020, 14:31

Камісія МАРГ за I квартал устанавіла чатыры факты парушэння антыманапольнага заканадаўства

7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Камісія Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю за першы квартал 2020 года ўстанавіла чатыры факты парушэння антыманапольнага заканадаўства. Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела метадалогіі антыманапольнага рэгулявання і канкурэнцыі МАРГ Вольга Каралькова ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

"У 2019 годзе камісія разгледзела 148 заяў і ўстанавіла 18 фактаў наяўнасці парушэнняў. У першым квартале 2020-га - 24 заявы і чатыры факты парушэнняў. Традыцыйна найбольшую ўдзельную вагу займае нядобрасумленная канкурэнцыя - звыш 70 працэнтаў парушэнняў па выніках 2019 года. Найбольш часта звяртаюцца за абаронай правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці ў сувязі з парушэннямі, звязанымі з увядзеннем спажыўцоў у зман", - расказала Вольга Каралькова.

Значная частка заяў разглядаецца па пытаннях злоўжывання дамінуючым становішчам, а таксама абмяжоўваючых канкурэнцыю актаў і дзеянняў дзяржаўных органаў. "У жніўні 2018 года былі ўведзены антыманапольныя патрабаванні да закупак тавараў, колькасць заяў па гэтым пытанні ўзрастае", - дадала прадстаўнік МАРГ.

Рашэнні міністэрства аб устанаўленні факта наяўнасці або адсутнасці антыманапольнага заканадаўства могуць быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе. "Па выніках разгляду судом скаргаў у 2019 годзе - мінулым перыядзе 2020-га 100 працэнтаў рашэнняў МАРГ прызнаны законнымі і абгрунтаванымі. Вядома, гэта вынік правядзення намі грунтоўнага і ўсебаковага аналізу па кожнай паступіўшай заяве аб парушэнні", - падкрэсліла Вольга Каралькова.

Камісія МАРГ па ўстанаўленні факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства створана ў снежні 2016 года і актыўна працуе на пастаяннай аснове. Цяпер яна складаецца з 11 членаў пад старшынствам міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Яе работа рэгламентавана палажэннем, зацверджаным загадам МАРГ ад 14 снежня 2016 года нумар 133. Па выніках пасяджэння камісія прымае рашэнне аб наяўнасці або адсутнасці факта парушэння антыманапольнага заканадаўства або аб неабходнасці дадатковага вывучэння абставін. Гэтыя рашэнні афармляюцца асобным дакументам і ў абавязковым парадку размяшчаюцца на афіцыйным сайце МАРГ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі