Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 снежня 2021, 09:31

Калтовіч: спадзяёмся, што харчовае эмбарга не адчуюць пакупнікі

8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спадзяёмся, што харчовае эмбарга не адчуюць пакупнікі. Такое меркаванне журналістам выказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, каменціруючы пастанову Савета Міністраў ад 6 снежня 2021 года нумар 700 "Аб прымяненні спецыяльных мер адносна асобных відаў тавараў", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Прычына прыняцця названай пастановы - санкцыйны націск на Беларусь і, па сутнасці, гэта з'яўляецца вымушанай мерай. На жаль, нам даводзіцца рэагаваць і спрабаваць рэагаваць адэкватна. У сувязі з гэтым пасля прыняцця пятага пакета санкцый урадам было прынята такое рашэнне. Дастаткова шырока праведзены кансультацыі з дзяржаўнымі органамі аб асобных групах тавараў, якія ўвозяцца з такіх краін. Гэта больш за 20 груп тавараў. Туды ўваходзяць тавары, якія выкарыстоўваюцца як для вытворчасці, так і для рэалізацыі ў рознічнай гандлёвай сетцы", - расказаў Уладзімір Калтовіч.

Паводле яго слоў, гэтыя тавары ўмоўна можна падзяліць на тры катэгорыі. "Тавары, якія поўнасцю замяшчаюцца за кошт айчынных вытворцаў або вытворчасцей, размешчаных у краінах, што з'яўляюцца дружалюбнымі для Беларусі. Тавары, якія вырабляюцца, але не ў дастатковай колькасці, і тавары так званага крытычнага імпарту", - адзначыў міністр.

Уладзімір Калтовіч дадаў, што пастановай прадугледжаны шэраг выключэнняў. "Для чаго гэта зроблена? У сувязі з тым, што мы маем тавары крытычнага імпарту ў гэтым пераліку, будуць створаны кампенсацыйныя механізмы па пераарыентацыі пастаўшчыкоў на іншыя краіны або ўвозе такіх тавараў з дружалюбных краін. У сувязі з гэтым мы спадзяёмся, што такія меры не адчуюць пакупнікі. Акрамя таго, яны не распаўсюджваюцца на тавары, увезеныя для асабістага спажывання, тавары, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці лекавых сродкаў, дзіцячага харчавання, якія рэалізуюцца ў гандлёвай сетцы для дзіцячага харчавання і гэтак далей, - растлумачыў міністр. - Таму думаю, што гэта мера кропкавая і вельмі канкрэтная. Калі гаварыць аб суме, то Беларусь за 9 месяцаў імпартавала больш як на $2 млрд прадуктаў харчавання. Каля чвэрці тавараў у гэтым пераліку".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі