
21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Калмыкія зацікаўлена ў тэхніцы Мінскага аўтамабільнага завода, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Кіраўнік Рэспублікі Калмыкія Бату Хасікаў у час візіту ў Беларусь наведаў шэраг прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку Мінскі аўтамабільны завод. Увагу калмыцкага боку прыцягнула камунальная і самазвальная тэхніка, у тым ліку мадэлі для дарожных і кар'ерных работ. "Мы будуем шмат дарог, і ў цэлым будаўнічая галіна ў нас цяпер вельмі развіваецца. Будуць з'яўляцца і новыя кар'еры", - заўважыў Бату Хасікаў.
Акрамя таго, як адзначыў кіраўнік Рэспублікі Калмыкія, у рэгіёне плануецца абнаўленне пасажырскага аўтапарку. "Паколькі цяпер мы развіваем сетку заправак звадкаваным газам, для нас актуальна набыццё тэхнікі, што працуе на гэтым паліве", - паведаміў ён. Гэта датычыцца пасажырскай тэхнікі МАЗ - аўтобусаў, працуючых як на дызельным, так і газаматорным паліве.
Не абмінуў увагай ён і спартыўную каманду "МАЗ-СПОРТаўта". Летам 2022 года ралі-рэйд "Шаўковы шлях" праходзіў праз Калмыкію. Бату Хасікаў падзяліўся, што з асаблівай цікавасцю сачыў за саперніцтвам расійскіх і беларускіх каманд, а таму быў рады сустрэчы з пілотам Сяргеем Вязовічам, экіпаж якога тады заваяваў 3-е месца.-0-