Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 лютага 2021, 13:18

Каля Br40 млн плануецца інвесціраваць у будаўніцтва аб'ектаў інфраструктуры СЭЗ "Віцебск"

23 лютага, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У будаўніцтва аб'ектаў інфраструктуры СЭЗ "Віцебск" за два гады плануецца інвесціраваць амаль Br40 млн, у тым ліку ў 2021-м каля Br30 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі СЭЗ.

Сродкі будуць накіраваны на стварэнне дадатковых энергетычных магутнасцей, аб'екта водазабеспячэння і ўзвядзенне чыгуначных пад'язных пуцей на тэрыторыі сектара N1 "Журжава" на ўскраіне абласнога цэнтра. Развіццё інжынерна-транспартнай інфраструктуры пляцоўкі дасць магчымасць у перспектыве прыцягнуць не менш за $165 млн замежных інвестыцый і арганізаваць каля 1000 рабочых месцаў па праектах, якія ўжо рэалізуюцца або прапрацоўваюцца да рэгістрацыі ў бягучым годзе. У ліку перспектыўных - інвестыцыйныя праекты бізнесменаў з Кітая і Швецыі па стварэнні парка дрэваапрацоўчых вытворчасцей, а таксама арганізацыі прадпрыемства па выпуску біявугалю.

Увод у эксплуатацыю аб'ектаў інфраструктуры перш за ўсё створыць неабходныя ўмовы для запуску ў 2021 годзе завода па вытворчасці дранкі. Ён стане першым вытворчым актывам літоўскай групы кампаній ВМГ на тэрыторыі СЭЗ "Віцебск" у рамках рэалізуемага маштабнага праекта па арганізацыі вертыкальна інтэграванага дрэваапрацоўчага комплексу. Праект уключае таксама стварэнне вытворчасцей ДСП, мэблі і пелет з аб'ёмам інвестыцый каля 100 млн еўра і стварэннем не менш за 700 рабочых месцаў.

Для ўвасаблення планаў адміністрацыя СЭЗ "Віцебск" у 2020 годзе правяла значную арганізацыйную работу. У выніку завершана праектаванне будаўніцтва паветранай лініі электраперадачы 110 кВ, паніжальнай падстанцыі магутнасцю 20 МВт і чыгуначнай веткі за кошт сродкаў фонду развіцця СЭЗ і інвестараў. Праведзены перагаворы з контрагентамі па пастаўцы матэрыялаў і абсталявання. Пры рытмічным фінансаванні гэтыя аб'екты будуць здадзены ў эксплуатацыю ў гэтым годзе. Таксама плануецца прадоўжыць удасканаленне інжынерна-транспартнай інфраструктуры на іншых пляцоўках СЭЗ.

Акрамя таго, у 2020 годзе прадпрыемствы-рэзідэнты інвесціравалі ў развіццё каля Br195 млн, што больш як на 57 працэнтаў перавышае аб'ём укладанняў па выніках 2019-га.

Усяго ў СЭЗ "Віцебск" рэалізуецца 56 інвестыцыйных праектаў з удзелам інвестараў з 15 краін, у тым ліку Германіі, Чэхіі, Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Ізраіля, Кіпра, Эстоніі. Сярэдняспісачная колькасць работнікаў у арганізацыях СЭЗ склала каля 16,6 тыс.чалавек.

СЭЗ "Віцебск" створана ў 1999 годзе і складаецца з 16 сектараў агульнай плошчай амаль 2,8 тыс. га, з якіх восем размешчаны ў Віцебску, пяць у Аршанскім раёне, а таксама па адным у Наваполацку, Паставах і Полацкім раёне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі