
2 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Выстаўка "Еўразія - наш дом" адбудзецца 7-9 чэрвеня ў Сочы на тэрыторыі Парка навукі і мастацтва "Сірыус". Яна прымеркавана да пасяджэнняў Еўразійскага міжурадавага савета і Савета кіраўнікоў урадаў СНД і пройдзе ў рамках старшынства Расіі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі.
"Выстаўка "Еўразія - наш дом" прысвечана дасягненням у развіцці кааперацыі і эканамічных сувязей на еўразійскай прасторы. Галоўная мэта мерапрыемства - прадэманстраваць інтэграцыйныя і кааперацыйныя праекты краін СНД і ЕАЭС. Экспазіцыя будзе працаваць у фармаце галіновых кластараў, падзеленых па асноўных тэматычных напрамках: прамысловасць, фінансы, лічбавізацыя і лічбавае развіццё, ахова здароўя, турызм, спорт, навука і адукацыя", - расказалі ў ЕЭК.
Удзельнікамі і экспанентамі выстаўкі стануць дэлегацыі дзяржаў - членаў ЕАЭС і СНД, дзяржаў - наглядальнікаў пры ЕАЭС, а таксама іншых краін, якія з'яўляюцца значнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі. Свой удзел у мерапрыемстве пацвердзілі ўжо звыш 200 кампаній. Агульная плошча выстаўкі складзе больш як 7 тыс. кв.м, з іх больш як 2 тыс. кв.м - вулічная экспазіцыя, дзе будуць прадстаўлены ўзоры кааперацыйнай сельскагаспадарчай, чыгуначнай, аўтамабільнай тэхнікі.
"Стратэгічным прыярытэтам з'яўляецца дасягненне тэхналагічнага суверэнітэту краін саюза, у тым ліку праз пашырэнне вытворчай кааперацыі. Выстаўка "Еўразія - наш дом" - цудоўная магчымасць прадэманстраваць існуючы ўзровень узаемнай інтэграцыі і глыбіню эканамічных сувязей на еўразійскай прасторы", - адзначыў віцэ-прэм'ер - міністр прамысловасці і гандлю Расіі Дзяніс Мантураў.-0-