Сцяг Серада, 11 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 студзеня 2026, 18:24

Як ідуць справы з цэнамі ў Беларусі? Нацбанк ацаніў сітуацыю ў 2025 годзе і даў прагноз на 2026-ы

Андрэй Картун
Андрэй Картун
29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Як ідуць справы з цэнамі ў Беларусі, расказаў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун перад пашыраным пасяджэннем праўлення Нацбанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У 2025 годзе мэтавага параметра інфляцыі мы не дасягнулі: ставілі мэту 5 працэнтаў, а па факце 6,8 працэнта. Тут ёсць аб'ектыўныя прычыны. Па выніках першага паўгоддзя параметр у памеры 5 працэнтаў ужо быў перавышаны. Перш за ўсё паўплывалі знешнія фактары: турбулентнасць на рынку сезонных тавараў (агародніны і фруктаў), былі і пэўныя складанасці з такімі даволі важкімі ў спажывецкім кошыку таварамі, як кандытарская прадукцыя. Яна даражэе ўжо другі год запар. Усе чулі гэты шум з какававымі зярнятамі - рост цэн на 200-300 працэнтаў на сусветных рынках. Гэта ў сыравінны складнік укладваецца. Пэўныя фактары ўплывалі і на мяса-малочную прадукцыю, таксама рост цэн назіраўся. Калі раскласці лічбу інфляцыі 6,8 працэнта на складнікі, то 80 працэнтаў усёй інфляцыі - гэта 20 таварных пазіцый, у тым ліку і адміністрацыйна рэгулюемыя цэны, цэны на бензін. Гэта ўсё ў сукупнасці дало больш высокую лічбу ў параўнанні ў мэтавым паказчыкам", - сказаў Андрэй Картун.

Таксама ён пракаменціраваў цэнавую сітуацыю ў бягучым годзе. "Старт у нас дастаткова нядрэнны. Калі нічога не адбудзецца незвычайнага, то мы будзем старацца выйсці на лічбу 5 працэнтаў па базавай інфляцыі, гэта значыць па той інфляцыі, якая не ўключае пастаянна адміністрацыйна рэгулюемыя цэны і сезонную інфляцыю", - адзначыў намеснік старшыні праўлення Нацбанка. Але ў цэлым мэтавы паказчык на 2026 год - інфляцыя не большая за 7 працэнтаў.

Гаворачы пра магчымыя рызыкі, ён адзначыў, што перш за ўсё гэта цэны на імпартныя тавары, а іх у спажывецкім кошыку каля 30 працэнтаў. "Вы бачыце, што адбываецца ў свеце, якая геапалітычная сітуацыя. І любое парушэнне лагістычных ланцужкоў уплывае адразу на нейкія тавары. Напрыклад, калі парушаецца ланцужок паставак па моры, то фрукты адразу пачынаюць рэзка даражэць. Мы ўзялі мэту па інфляцыі 7 працэнтаў - з запасам, таму што бачым, што з боку імпартуемай інфряцыі ёсць рызыкі. Будзем згладжваць ваганні за кошт курсавой палітыкі. Думаю, істотных ваганняў у нас не будзе", - абазначыў Андрэй Картун.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі