Сцяг Субота, 17 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 красавіка 2025, 18:03

Ягораў заклікаў банкі актыўней пераходзіць на айчынныя лічбавыя рашэнні

Аляксандр Ягораў. Фота з архіва
Аляксандр Ягораў. Фота з архіва
24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў заклікаў банкі актыўней пераходзіць на айчынныя лічбавыя рашэнні. Аб гэтым ён заявіў на канферэнцыі "Лічбавы банкінг - 2025", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Нацбанка.

За мінулыя гады ў Беларусі праведзена вялікая работа па лічбавізацыі банкаўскага сектара. Але гэтага недастаткова, паколькі эфект любой інавацыі з часам затухае. Без новых прарыўных ідэй не будзе далейшага росту. Аляксандр Ягораў растлумачыў на канкрэтных прыкладах, дзе можна і трэба было б паднаціснуць. 

"Усе лічбавыя рашэнні банкаў, перш за ўсё па дыстанцыйным банкаўскім абслугоўванні, накіраваны на тое, каб максімальна спрасціць працэс трат з бягучых рахункаў, а не працэс зберажэння. Якія лічбавыя рашэнні банкі гатовы прапанаваць, каб памяняць гэту тэндэнцыю? Зразумела, што гэта тэндэнцыя ментальная, пакалення, але, тым не менш, мы павінны на гэта ўплываць. Ніхто, акрамя нас, гэтага не зменіць. Акрамя таго, работа банкаў па хуткім пераходзе на айчынныя рашэнні ў ІТ рухаецца слаба. Усе баяцца быць першымі", - адзначыў Аляксандр Ягораў.
Паводле яго слоў, Нацыянальны банк, ацэньваючы эфектыўнасць менеджменту банкаў, будзе ў тым ліку ацэньваць гатоўнасць і здольнасць пераходзіць на айчынныя рашэнні. "У далейшым гэтыя рашэнні, якія будуць прыменены на беларускім рынку, паводле нашага меркавання, могуць і павінны быць экспартаваны ў іншыя краіны", - дадаў першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на інвестыцыйныя крэдыты. "Бягучая стратэгія - выдаў крэдыт, штосьці маніторыш. Перастае плаціць працэнты - пачынаеш маніторыць больш пільна. Але чаму банкі не прымяняюць праектны падыход да такіх інвестпраектаў? Ад гэтага ўсе выйграюць - банкі ўбачаць рызыкі намнога раней і змогуць рэагаваць, а кліент хутка рэалізуе свой інвестыцыйны праект і атрымае кампетэнцыі па праектным кіраванні з боку банкаў. Так, гэта не заведзена, для гэтага трэба мяняць падыходы, парадыгмы. Але кітайцы робяць штосьці падобнае ўжо дзесяцігоддзе. Яны бачаць усе патокі кліентаў праз лічбавыя платформы і крэдытуюць на падставе выключна гэтых даных. Можа, гэта сырая ідэя, але такіх ідэй не хапае. Мы абмяркоўваем мінулае, а не будучыню. Але старымі метадамі мы рыўка ў будучыню не зробім", - падкрэсліў Аляксандр Ягораў.

"Кіраўнік дзяржавы вялікую ўвагу ўдзяляе лічбаваму парадку дня, інавацыям, у тым ліку іх практычнаму прымяненню ў банкаўскай сферы. Гэта наша будучыня. І гэта адна з прыярытэтных задач, якая была пастаўлена перада мной пры назначэнні. Давайце выконваць даручэнне Прэзідэнта разам", - з такім заклікам ён звярнуўся да прадстаўнікоў банкаў.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі