Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 чэрвеня 2020, 15:45

Італія плануе павялічыць у гэтым годзе тавараабарот з Беларуссю да 1 млрд еўра

30 чэрвеня, Мінск /Кацярына Марковіч - БЕЛТА/. Італія разлічвае ў 2020 годзе павялічыць тавараабарот з Беларуссю да 1 млдр еўра. Аб гэтым паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Марыа Джорджа Стэфана Бальдзі на анлайн-семінары "Беларусь - Італія: эканамічнае супрацоўніцтва ў час глабальных выклікаў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы павінны падтрымліваць узаемны інтарэс у сферы эканомікі. Сітуацыя цяпер ускладнілася з-за каранавіруса, італьянскія прадпрыемствы маюць патрэбу ў новых рынках і магчымасцях для пашырэння свайго бізнесу. Беларусь у сваю чаргу змагла захаваць баланс, эканамічная сітуацыя пад кантролем. Таму мы паспрабуем вярнуцца да нашай дзейнасці ў поўным аб'ёме і нават у такі складаны год пастараемся дасягнуць 1 млрд еўра гандлёвага абароту паміж нашымі краінамі", - сказаў кіраўнік дыппрадстаўніцтва.

Італія зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю ў розных сектарах эканомікі, у якіх італьянскія прадпрыемствы з'яўляюцца лідарамі ў сусветнай індустрыі. Сярод іх - энергетычны сектар, інавацыйныя тэхналогіі, сельская гаспадарка, экалагічныя тэхналогіі, фармацэўтычны сектар і сфера будаўніцтва. "Гэта толькі некаторыя прыклады інавацыйных сектараў, на якіх мы хацелі б сканцэнтраваць увагу. Вядома, мы не павінны забываць аб супрацоўніцтве ў сферы вытворчасці мэблі, моды і харчавання. Прадпрымальнікі з Італіі, з якімі я сустракаюся ў Мінску, просяць мяне аб адкрыцці прадстаўніцтваў італьянскіх банкаў у беларускай сталіцы", - паведаміў ён.

Пасол выказаў надзею на хуткае адкрыццё граніц паміж Беларуссю і Італіяй. "Беларускія грамадзяне да гэтага часу не могуць прыехаць у Італію з-за каранавіруса, але мы ўсімі сіламі спрабуем як мага хутчэй зняць гэтыя абмежаванні, каб аднавіць паток беларускіх турыстаў у Італію, а таксама гуманітарныя паездкі беларускіх дзяцей у нашу краіну", - адзначыў ён.

Старшы саветнік пасольства Беларусі ў Італіі Ірына Аржанкова паведаміла, што апошнія гады былі даволі дынамічнымі ва ўзаемным гандлі. "У студзені-красавіку гэтага года, паводле даных беларускай статыстыкі, з-за зразумелых прычын гандаль значна запаволіўся, аднак Італія на працягу ўжо многіх гадоў традыцыйна з'яўляецца важным і значным гандлёвым партнёрам для нашай краіны. Гандаль паміж краінамі збалансаваны і арганічна дапаўняе адзін аднаго. Хоць імпарт перавышае экспарт, але прыемна адзначыць яго тэхналагічны складнік, абсталяванне і тэхналогіі з Італіі з году ў год пацвярджаюць сваю запатрабаванасць у Беларусі для мадэрнізацыі прадпрыемстваў", - расказала яна.

Многія італьянскія бізнесмены паспяхова вядуць бізнес у Беларусі. Так, за апошнія гады значна вырасла колькасць новых прадпрыемстваў з італьянскім капіталам. У мінулым годзе з'явілася 21 новая кампанія, усяго іх 244. "Беларуская прадукцыя таксама шырока запатрабавана на італьянскім рынку. Гэта металапрадукцыя, калійныя ўгнаенні, сінтэтычныя валокны, мэбля, лесаматэрыялы і інш. Доля паслуг у абароце складае каля 12 працэнтаў па выніках мінулага года", - паведаміла старшы саветнік пасольства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі