Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 кастрычніка 2021, 14:57

Інданезія зацікаўлена ў пастаўках беларускіх угнаенняў і аўтатэхнікі

22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інданезія зацікаўлена ў кантрактах на пастаўку беларускіх калійных угнаенняў і аўтатэхнікі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

"З 21 па 24 кастрычніка праходзіць афіцыйны візіт у Беларусь парламенцкай дэлегацыі Інданезіі на чале з намеснікам старшыні Савета народных прадстаўнікоў Інданезіі па пытаннях прамысловасці і развіцця Рахматам Гобелем. Пасля сустрэчы і плённага абмеркавання праграмы візіту ў Палаце прадстаўнікоў інданезійскія парламентарыі наведваюць буйнейшыя прадпрыемствы Беларусі з мэтай выхаду на заключэнне кантрактаў на пастаўку беларускіх калійных угнаенняў і аўтамабільнай тэхнікі, перш за ўсё, кар'ерных самазвалаў і трактароў, а таксама па стварэнні сумесных прадпрыемстваў у Інданезіі, - расказалі ў прэс-службе. - У склад дэлегацыі ўвайшлі генеральны дырэктар па прамысловасці хіміі, фармацыі і тэкстылю Міністэрства прамысловасці Мухамад Хаям, дырэктар па прамысловасці нафтахіміі Міністэрства прамысловасці Фрыдзі Джувона, намеснік дырэктара па бяспецы рынку Міністэрства гандлю Сутрыёна Эдзі, дырэктар па развіцці рынку і рыначнай інфармацыі Міністэрства гандлю Аксаміль Хайр, прэзідэнт-дырэктар кампаніі РТ Pupuk Kalimantan Timur ("Угнаенні Усходняга Калімантана") Рахмат Прыбадзі".

Паводле слоў кіраўніка інданезійскай дэлегацыі, такое прадстаўніцтва неабходна, каб адразу ж пасля вяртання ў Інданезію забяспечыць імплементацыю дамоўленасцей, дасягнутых у час гэтага візіту, а таксама візіту старшыні парламента Інданезіі Марзуке Алі ў 2021 годзе.

Рахмат Гобель заявіў, што павелічэнне беларуска-інданезійскага гандлёвага абароту з'яўляецца прыярытэтным напрамкам і неабходна напоўніць гэты тавараабарот новымі пазіцыямі. Такая магчымасць сапраўды ёсць, паколькі эканомікі дзвюх краін узаемадапаўняльныя. Гэта дасць магчымасць ураўнаважыць двухбаковы тавараабарот, значна нарасціць і дыверсіфікаваць пастаўкі беларускай прадукцыі на знешнія рынкі. У сваю чаргу Інданезія гатова прапанаваць беларускаму рынку перадавыя прадукты тэкстыльнай і рыбнай прамысловасці. Акрамя таго, для Інданезіі перспектыўным з'яўляецца пытанне прыцягнення сумесных інвестыцый у вытворчасць каўчуку для выпуску шын і пакрышак для беларускіх кар'ерных самазвалаў.

Паводле слоў Рахмата Гобеля, рэалізацыя на тэрыторыі Інданезіі перадавых беларускіх тэхналогій і інвестыцыйных праектаў выгадна дзвюм краінам. Інданезійскі рынак вельмі ёмісты: насельніцтва складае 270 млн чалавек. Акрамя таго, гэта краіна мае багатыя прыродныя і водныя рэсурсы. Але самае галоўнае - прадукцыя сумесных беларуска-расійскіх вытворчасцей можа выйсці на рынкі суседніх краін і рэгіёна Паўднёва-Усходняй Азіі ў цэлым. У сувязі з гэтым інданезійскі бок звярнуўся да беларускіх парламентарыяў з просьбай аказаць садзейнічанне ў падпісанні дагавора аб свабодным гандлі з краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся ў час сустрэч інданезійскай дэлегацыі з кіраўнікамі міністэрстваў прамысловасці і сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, канцэрна "Белнафтахім", ААТ "МТЗ", ААТ "БЕЛАЗ" і ААТ "Беларуськалій".

Па выніках 2020 года Інданезія стала чацвёртым стратэгічным рынкам для беларускага хлорыстага калію. На рынак Інданезіі было пастаўлена 693 тыс. т беларускага калію на суму $171,2 млн. Па выніках студзеня-верасня бягучага года пастаўкі склалі 617,6 тыс. т на суму $161,5 млн. Кампанія "БелАЗ", якую наведала інданезійская дэлегацыя, цяпер удзельнічае ў тэндары на пастаўку 20 адзінак кар'ерных самазвалаў у Інданезію. Пры абмеркаванні пытанняў паставак беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі было адзначана, што кропкай росту беларускага экспарту ў Інданезію з'яўляецца павелічэнне долі айчыннай малочнай прадукцыі. Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ў абмеркаванні крокаў па прызнанні ўладамі Інданезіі халяль-сертыфікатаў, выдадзеных беларускай юрыдычнай асобай BELHALAL.

У ходзе сустрэчы ў ААТ "МТЗ" абмеркаваны пытанні арганізацыі закупак трактарнай тэхнікі ў рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы падтрымкі інданезійскіх фермераў. Таксама пры наведванні трактарнага завода па просьбе інданезійскага боку ў сумеснай сустрэчы прыняло ўдзел кіраўніцтва Міністэрства прамысловасці Беларусі. У мэтах абмеркавання пытання прымянення прадукцыі нафтахіміі ў вытворчасці медыцынскіх матэрыялаў і тавараў для патрэб інданезійскага рынку, абмену вопытам і стварэння сумесных вытворчасцей Палатай прадстаўнікоў была арганізавана сустрэча інданезійскай дэлегацыі з кіраўніцтвам "Белнафтахіма" і РУП "Белфармацыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі