Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 студзеня 2023, 18:51

Інавацыі ў прамысловасці: над чым працуе БЕЛАЗ

У гэтыя дні на выстаўцы "Беларусь інтэлектуальная" прадстаўлены дасягненні як акадэмічнай і вузаўскай, так і галіновай навукі. Свае навацыі прадэманстравалі беларускія прадпрыемствы. Генеральны дырэктар ААТ "БЕЛАЗ" Сяргей Нікіфаровіч на палях выстаўкі расказаў карэспандэнту БЕЛТА аб перспектывах завода ў лічбавых тэхналогіях, электратранспарце, рабатызаванай тэхніцы.

БЕЛАЗ на выстаўцы паказаў новыя распрацоўкі ў сегменце ІТ-тэхналогій. Сярод іх інтэлектуальная сістэма маніторынгу і прагнознай аналітыкі для кар'ерных самазвалаў IMS і віртуальная майстэрня.

Інтэлектуальная сістэма маніторынгу і прагнознай аналітыкі дае магчымасць кантраляваць тэхнічны стан самазвалаў, ацэньваць эфектыўнасць іх работы і выяўляць парушэнні пры эксплуатацыі. Яна значна павышае эфектыўнасць дзейнасці горназдабыўных прадпрыемстваў за кошт зніжэння эксплуатацыйных затрат.

"Гэта лічбавы прадукт, які мае добрую дабаўленую вартасць. Гэта праграма інтэгруецца ў кар'ерны самазвал і здымае паказчыкі з дапамогай больш як 50 датчыкаў, устаноўленых на ключавых механізмах і дэталях. Мы можам бачыць тэхнічны стан, наколькі эфектыўна выкарыстоўваецца тэхніка, выяўляць парушэнні, калі яны дапускаюцца ў працэсе эксплуатацыі, прагназаваць выхад са строю тых ці іншых вузлоў і, адпаведна, неабходнасць рамонту. Таксама можам разлічваць кошт валодання нашай тэхнікай, разумеючы, колькі камплектуючых было заменена, колькі было рамонтаў, колькі ўкладзена ў эксплуатацыю тэхнікі", - адзначыў Сяргей Нікіфаровіч.

Яшчэ адзін інавацыйны прадукт БЕЛАЗа - віртуальная майстэрня. Гэта VR-прастора для прафесійнага навучання спецыялістаў, якія абслугоўваюць кар'ерныя самазвалы. Віртуальная прастора майстэрні максімальна набліжана да рэальнасці: у ёй можна дэталёва вывучыць кар'ерны самазвал, а таксама навучыцца прымяняць неабходныя інструменты і гаражнае абсталяванне для яго рамонту.

Дзякуючы віртуальнай майстэрні спецыялісты сэрвісных цэнтраў і студэнты ВНУ могуць дасканала вывучыць работу дэталей і вузлоў кар'ернага самазвала без выкарыстання дарагога абсталявання, а ў далейшым якасна і бяспечна выконваць работы ўжо ў рэальных умовах эксплуатацыі.

"Спецыялісты могуць вывучыць усе прынцыпы, механізмы рамонту самазвалаў, рэгламентных работ. З дапамогай віртуальнай майстэрні можна навучыць карыстацца інструментамі, прыстасаваннямі, абсталяваннем, не закупляючы іх і не расходуючы вялікія рэсурсы на навучанне персаналу. Інавацыйны прадукт дае магчымасць азнаёміцца з усімі інструкцыямі, рэгламентамі, атрымаць кваліфікацыю і допуск да эксплуатацыі, рамонту рэальнай тэхнікі", - звярнуў увагу гендырэктар прадпрыемства.

Цяпер вельмі папулярная і актуальная тэма электратранспарту. Нацыянальная акадэмія навук сумесна з Міністэрствам прамысловасці развівае гэты напрамак па дзяржпраграме "Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка" на 2021-2025 гады. БЕЛАЗ не застаецца ў баку ад гэтай работы. "Электрычны самазвал пакуль праходзіць унутраныя палігонныя выпрабаванні на нашым прадпрыемстве. Мы праводзім усе рэгламентныя работы, наладжваем. У бліжэйшы час гатовы прад'явіць рынку камерцыялізацыю гэтага праекта", - адзначыў Сяргей Нікіфаровіч.

Ужо ёсць і мадэль гібрыднага самазвала, дзе выкарыстоўваецца рухавік малой магутнасці і акумулятарныя батарэі. Такая тэхніка дае магчымасць эфектыўна праводзіць работы па здабычы карысных выкапняў пры малым спажыванні дызельнага паліва. Пытанням імпартазамяшчэння ўдзелена вялікая ўвага, рухавік айчынны. Паводле слоў гендырэктара завода, у сярэдзіне года мадэль адправіцца да спажыўца. Гэты праект на БЕЛАЗе лічаць вельмі перспектыўным.

Распрацаваны і рабатызаваныя самазвалы. Такой тэхнікай кіруе камп'ютар без удзелу чалавека. Гэты праект ужо рэалізаваны на радовішчы Сітніцкае ў Мікашэвічах і на адным з радовішчаў у Расійскай Федэрацыі.

Валерыя ГАЎРЫЛАВА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі