Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 чэрвеня 2022, 16:40

Імпартазамяшчэнне на справе: вытворчасць дроту для рэзкі крышталёў асвоілі на БМЗ

24 чэрвеня, Жлобін /Кар. БЕЛТА/. На ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" запусцілі лінію па вытворчасці дроту для рэзкі крышталёў. Аб унікальнай для завода прадукцыі расказаў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па вытворчасці вырабаў з металу Ігар Чарняўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў Ігар Чарняўскі, пакет санкцый Еўрасаюза закрануў у тым ліку прадукцыю БМЗ. "Для імпартазамяшчэння і пошуку альтэрнатыўных рынкаў была створана спецыяльная група на заводзе, у склад якой увайшлі спецыялісты з розных падраздзяленняў прадпрыемства - камерцыйнай, маркетынгавай, тэхнічнай службаў", - удакладніў ён. У новых умовах прадпрыемства змагло хутка пераарыентавацца і наладзіць вытворчасць унікальнай прадукцыі - дроту для рэзкі крышталёў. Яго дыяметр не перавышае дыяметр чалавечага воласа - 0,12 мм.

Прадукцыя выкарыстоўваецца ў прамысловасці для рэзкі крэмніевых пласцін, якія з'яўляюцца адным з асноўных кампанентаў для вытворчасці фотаэлементаў сонечных батарэй, крэмніевых падложак для святлодыёдных мікрачыпаў і інтэгральных мікрасхем.

Адпрацоўка тэхналогіі на БМЗ праходзіла з сакавіка да мая. У чэрвені першая доследная партыя паспяхова прайшла выпрабаванні на адным з філіялаў завода "Інтэграл".

"За кароткі тэрмін мы змаглі асвоіць (вытворчасць.- Заўвага БЕЛТА) і прайсці амалагацыю, атрымалі адабрэнне (з боку беларускіх спажыўцоў. - Заўвага БЕЛТА) і пачалі прамысловую вытворчасць. На сёння асвоена вытворчасць, якая поўнасцю забяспечвае патрэбнасці ў гэтым відзе прадукцыі ў Беларусі. Праведзены перагаворы з патэнцыяльнымі спажыўцамі ў Расійскай Федэрацыі", - расказаў Ігар Чарняўскі. Ён удакладніў: адразу некалькі расійскіх прадпрыемстваў выказалі зацікаўленасць і ўжо заказалі доследныя партыі.

"Разглядаем варыянты паставак гэтай прадукцыі і ў краіны, не абмежаваныя санкцыямі. На сёння прапрацоўваецца праект па пашырэнні магутнасцей (вытворчасці. - Заўвага БЕЛТА) гэтага прадукту. Знойдзены ўжо патэнцыяльныя пастаўшчыкі абсталявання, вядуцца перагаворы па тэхнічнай частцы", - дадаў намеснік генеральнага дырэктара.

Як растлумачылі на прадпрыемстве, такая вытворчасць асабліва актуальна на фоне сусветнага крызісу паўправаднікоў і вострага дэфіцыту на рынку кітайскіх мікрачыпаў.

Ігар Чарняўскі звярнуў увагу, што дрот для рэзкі крышталёў, які асвоіў БМЗ, не вырабляюць іншыя прадпрыемствы ні ў Беларусі, ні на постсавецкай прасторы. Раней кампаніі набывалі прадукт у Еўропе; ёсць вытворчасць і ў Кітаі, аднак пастаўкі адтуль звязаны з цяжкасцямі лагістыкі, дастаўкі.

Уся сыравіна для вытворчасці гэтага прадукту, запчасткі для абслугоўвання абсталявання - з Беларусі або Расіі. "У складзе такога прадукту няма імпартных складнікаў", - падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара.

ААТ "БМЗ - кіруючая кампанія холдынга "БМК" - высокатэхналагічнае прадпрыемства металургічнай галіны. Структурна складаецца з чатырох звязаных адным тэхналагічным ланцужком сталеплавільнай, пракатнай, трубнай і вырабаў з металу вытворчасцей і цэхаў інфраструктуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі