Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 ліпеня 2022, 19:06

Імпартазамяшчэнне і медтэхналогіі. Як "Фармлэнд" развівае вытворчасць прэпаратаў з плазмы крыві

28 ліпеня, Нясвіж /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала беларуска-галандскае сумеснае прадпрыемства ТАА "Фармлэнд" у Нясвіжы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў спікера, яе візіт арганізаваны па выніках сустрэчы са спецыялістамі Гарадскога цэнтра трансфузіялогіі УАЗ "6-я гарадская клінічная бальніца" ў Мінску, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Наталля Качанава адзначыла, што прэпараты, вырабляемыя з крыві, - пытанне, якое ўвесь час знаходзіцца на кантролі беларускай сістэмы аховы здароўя, бо яны жыццёва неабходныя для нашых грамадзян.

"Мяне ў большай ступені цікавіць магчымасць забеспячэння нашых грамадзян плазмай крыві, але акрамя гэтага - наколькі якасныя прэпараты з крыві выпускаюцца сёння ў нашай краіне", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі падчас наведвання вытворчасці.

"Наша вытворчасць нацэлена непасрэдна на імпартазамяшчэнне, таму што прэпараты з плазмы крыві прывозяцца з-за мяжы. Яны могуць вырабляцца з мясцовай сыравіны - донараў плазмы. Тэхналогіі ўнікальныя, і мы адзіны завод у Беларусі, Расіі, блізкім замежжы, які здольны выпускаць поўную лінейку ўсіх прэпаратаў, запатрабаваных у ахове здароўя. Мы гатовы забяспечыць на 100 працэнтаў імпартазамяшчэнне ў Беларусі, а па не каторых пазіцыях на 100 працэнтаў нават у Расійскай Федэрацыі", - расказаў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце кандыдат біялагічных навук, дацэнт СП ТАА "Фармлэнд" Вадзім Сянчук.

Паводле яго слоў, на прадпрыемстве ствараюць жыццёва неабходныя і важныя прэпараты для лячэння пацыентаў у тым ліку з такімі захворваннямі, як гемафілія, апёкі, анкалогія. Магутнасць перапрацоўкі плазмы - 600 тыс. л за год. У перспектыве плануецца пашырыць лінейку прэпаратаў, таму што плазма крыві донараў - багацейшая сыравіна, якая змяшчае некалькі дзясяткаў тэрапеўтычна каштоўных бялкоў.

Вытворчая наменклатура беларуска-галандскага сумеснага прадпрыемства ТАА "Фармлэнд" у 2021 годзе склала звыш 100 найменняў лекавых сродкаў, у тым ліку растворы для інфузій, ін'екцый, цвёрдыя таблетачныя формы лекавых сродкаў, сіропы, суспензіі, спрэі, парашкі і інш., а таксама лекавы сродак з плазмы крыві чалавека. У 2018 годзе асвоена вытворчасць вадкасці для інгаляцыйнага наркозу. Прадпрыемства таксама займаецца выпускам 33 найменняў тэст-сістэм для дыягностыкі розных захворванняў, трох відаў кардыялагічных біяпратэзаў, 10 найменняў канцэнтратаў для гемадыялізу, 8 прадуктаў для энтэральнага харчавання, 12 найменняў біялагічна актыўных дабавак, 7 відаў касметычных сродкаў.

У 2021 годзе былі зарэгістраваны ў Беларусі і асвоены ў прамысловай вытворчасці 11 найменняў лекавых сродкаў. У планах на гэты год - рэгістрацыя каля 14 прэпаратаў, у распрацоўцы знаходзяцца больш за 50 прэпаратаў. Геаграфія паставак - Расія, Азербайджан, Казахстан, Узбекістан, Грузія, Пакістан, В'етнам.

У снежні 2015 года завершана будаўніцтва завода па вытворчасці лекавых сродкаў з плазмы крыві чалавека, які не мае аналагаў у краінах СНД. Такім чынам, у Беларусі пабудавана сучасная буйнамаштабная фармацэўтычная вытворчасць высокатэхналагічных бялковых лекавых прэпаратаў з плазмы крыві. Мяркуецца, што рэалізацыя праекта ў перспектыве дасць магчымасць цалкам задаволіць патрэбнасць рэспублікі ў высокаэфектыўных і бяспечных лекавых прэпаратах з плазмы крыві, аказваць спецыялізаваную дапамогу пацыентам у адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснай медыцыны і перадавымі нарматывамі лекавага забеспячэння.

У жніўні 2019 года прадпрыемства пачало рэканструкцыю будынкаў пад фармацэўтычную вытворчасць гатовых лекавых кампанентаў у Нясвіжы, у лютым 2021 года цэх антыбіётыкаў уведзены ў эксплуатацыю. Прдаўжаюцца работы па мадэрнізацыі склада захоўвання, рэканструкцыі цэха антыбіётыкаў і адміністрацыйнага будынка ў горадзе. У другім паўгоддзі пачнецца будаўніцтва вытворча-складскога корпуса, а таксама шматкватэрнага жылога дома ў райцэнтры.

Колькасць супрацоўнікаў за мінулы год склала 376 чалавек, за першае паўгоддзе 2022 года - 446 чалавек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі