22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ільготы на ўвоз і набыццё электрамабіляў, якія дзейнічаюць у Беларусі для фізічных асоб, плануецца распаўсюдзіць і на юрыдычных асоб. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Урадам было прапанавана некалькі навацый, у тым ліку па пашырэнні дзеяння ўказа "Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў".
Гэты дакумент пазітыўна паўплываў на рынак электрамабіляў у Беларусі. З 6150 электрамабіляў, якія набыты ў краіне на працягу апошніх трох гадоў, 5700 набыты пасля ўступлення ў сілу ўказа. Колькасць спажываемай імі электраэнергіі ўзрасла ў 6 разоў, па ўсёй краіне дзейнічаюць больш за 480 зарадных станцый (да канца гэтага года іх колькасць павінна павялічыцца да 600). Аднак доля электрамабіляў у агульнай колькасці транспарту пакуль не перавышае 1 працэнт. Таму і ўзнікла прапанова прыняць дадатковыя меры для стымулявання выкарыстання электратранспарту.
"Тыя нормы ўказа, якія сёння існуюць, будуць распаўсюджвацца не толькі на легкавы транспарт, але і на грузавы, пасажырскі транспарт. Мы адразу ахопліваем практычна ўвесь спектр колавага транспарту. Па-другое, стымуляваць будзем не толькі фізічных асоб, але і адразу пашыраем спектр, у яго трапляюць і юрыдычныя асобы, пашыраем поле дзеяння ўказа", - сказаў міністр. Акрамя таго, прапануецца ўвядзенне нулявога ПДВ для вытворцаў электрамабіляў пры ўвозе камплектуючых.
"Паводле нашых ацэнак, гэта дасць магчымасць у 2025 годзе дасягнуць узроўню 100 тыс. аўтамабіляў з электрычным прыводам. Гэта будзе каля 3 працэнтаў (ад агульнай колькасці транспарту ў краіне. - Заўвага БЕЛТА)", - адзначыў Аляксандр Чарвякоў. У выніку колькасць шкодных выкідаў у атмасферу ўдасца знізіць на 4 працэнты (ад аб'ёму выкідаў прамысловай вытворчасці). "Наша краіна ўзяла на сябе абавязацельствы па зніжэнні колькасці выкідаў да ўзроўню 1990 года на 35 працэнтаў (тады было 138 млн т выкідаў). Сёння мы маем каля 90 млн т і практычна ўжо дасягнулі таго ўзроўню, які павінны захоўваць да 2030 года. Меры, што прымае дзяржава і па ўводзе атамнай электрастанцыі, і па развіцці электратранспарту, дадуць нам магчымасць, з аднаго боку, развіваць прамысловую вытворчасць, з іншага - кампенсаваць аб'ёмы выкідаў у прамысловай вытворчасці", - растлумачыў міністр.
Паводле разлікаў Мінэканомікі, выдаткі на 1 км прабегу машыны з бензінавым рухавіком складаюць 16 капеек, для электрамабіля - 4 капейкі. "Для бізнесу, пасажырскіх перавозак - гэта выгадны напрамак, які сёння трэба развіваць. Для краіны - гэта зніжэнне выдаткаў, рост ВУП, зніжэнне выкідаў", - падкрэсліў міністр.
Ён звярнуў увагу, што дзеянне льгот і выгадных умоў для набыцця электратранспарту прадоўжыцца да 2025 года. "Таму трэба спяшацца скарыстацца гэтай магчымасцю", - параіў Аляксандр Чарвякоў.-0-