Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 лістапада 2016, 11:38

Холдынгі Мінпрама забяспечваюць заказамі больш як 370 арганізацый Беларусі

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Холдынгі Міністэрства прамысловасці забяспечваюць заказамі больш як 370 арганізацый Беларусі - як дзяржаўных, так і прыватных, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім разглядалася работа прадпрыемстваў машынабудавання, перспектывы і стратэгіі яго развіцця з улікам сусветных тэндэнцый. Адпаведная інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце беларускага ўрада, паведамляе БЕЛТА.

Як адзначыў прэм'ер-міністр, гэта тэма важная і сур'ёзная. "У першую чаргу гэта вялікі чалавечы патэнцыял. Бо толькі на машынабудаўнічых прадпрыемствах Мінпрама працуе больш за 160 тыс. чалавек. У выніку атрымліваецца, што машынабудаўнічыя холдынгі Мінпрама забяспечваюць заказамі больш як 370 арганізацый рэспублікі (дзяржаўных і прыватных), на якіх працуе больш за 327 тыс. чалавек", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Па выніках работы за студзень-верасень 2016 года ў цэлым па Мінпраме выраблена прамысловай прадукцыі на Br6,3 млрд. Аб'ём паставак на экспарт склаў $2,4 млрд. "Машынабудаўнічым прадпрыемствам даводзіцца працаваць у вельмі складаных эканамічных умовах. Гэта спад попыту на сусветных рынках і, як вынік, зніжэнне цэн на прадукцыю, дэфіцыт абаротных сродкаў, цяжкасці з фінансаваннем", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што па меры магчымасці вядучым машынабудаўнічым арганізацыям - ААТ "МАЗ", "БелАЗ", "БМЗ", "МТЗ", "Гомсельмаш", холдынг "Аўтакампаненты" - у 2015-2016 гадах аказвалася дзяржпадтрымка, што дало магчымасць захаваць вытворчасці і забяспечыць іх рытмічную работу. "Разам з тым для забеспячэння далейшага ўстойлівага развіцця нашага машынабудавання і вызначэння перспектыў яго развіцця патрабуецца сістэмны падыход", - дадаў ён.

У канцы жніўня 2016 года пры разглядзе ва ўрадзе праекта стратэгіі развіцця беларускага машынабудавання на 2016-2030 гады перад Мінпрамам былі пастаўлены задачы па дапрацоўцы стратэгіі. "Размова ішла аб дадатковай прапрацоўцы крыніц фінансавання, удасканаленні сістэмы кіравання машынабудаўнічым комплексам, сістэматызацыі рэалізуемых праектаў і вытворчасцей, стварэнні новых рабочых месц, зніжэнні затрат, аб'яднанні магчымасцей арганізацый, а таксама пра больш шырокі ўдзел у машынабудаванні малога і сярэдняга бізнесу", - адзначыў прэм'ер-міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі