Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 ліпеня 2014, 09:02

Холдынг з шасці прадпрыемстваў ствараецца на базе ААТ "Гомсельмаш"



15 ліпеня, Мінск /Таццяна Іванюк - БЕЛТА/. Холдынг з шасці прадпрыемстваў з кіруючай кампаніяй ААТ "Гомсельмаш" ствараецца ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада. Такое рашэнне замацавана ў пастанове Савета Міністраў нумар 670 ад 11 ліпеня 2014 года.

У новую структуру акрамя непасрэдна "Гомсельмаша" будуць уключаны пяць ААТ: "Гомельскі завод ліцця і нармалей", "Гомельскі завод спецінструменту і тэхналагічнай аснасткі", "Навукова-тэхнічны цэнтр камбайнабудавання", "Светлагорскі машынабудаўнічы завод" і "СП-Буд". Сумарна амаль 911,6 тыс. акцый гэтых кампаній, якія знаходзяцца ў дзяржуласнасці, падлягаюць унясенню ў выглядзе неграшовага ўкладу ў статутны фонд ААТ "Гомсельмаш". Уклад павінен быць ажыццёўлены да 26 верасня 2014 года.

Мінпраму і Дзяржкаммаёмасці прадпісана забяспечыць дадатковы выпуск акцый на суму павелічэння статутнага фонду ААТ "Гомсельмаш" і прыняцце іх у дзяржуласнасць.

Як растлумачыў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства прамысловасці Сяргей Шалай, холдынг ствараецца ў адпаведнасці з указам нумар 113 ад 27 лютага 2012 года "Аб некаторых пытаннях стварэння і дзейнасці холдынгаў і дзяржаўных аб'яднанняў Міністэрства прамысловасці". Гэты дакумент быў прыняты для спрашчэння і паскарэння стварэння холдынгаў на базе арганізацый ведамства, а таксама паляпшэння ўмоў іх функцыянавання.

"Варыянт ўнясення неграшовага ўкладу ў статутны фонд мэтазгодны, паколькі акцыі, што належаць Беларусі, перадаюцца ў статутны фонд кіруючай кампаніі, якая атрымлівае ўсе рычагі кіравання даччынымі кампаніямі", - лічыць прэс-сакратар. Ён канкрэтызаваў, што размова ідзе аб удзеле ў рабоце органаў кіравання праз сваіх прадстаўнікоў, аператыўнасці прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў у частцы распараджэння маёмасцю, фінансавымі сродкамі і правядзеннем кадравай палітыкі, назначэннем і вызваленнем кіраўнікоў. Акрамя таго, стане прасцей праводзіць скаардынаваную інвестыцыйную палітыку, а таксама мадэрнізацыю вытворчасці і развіваць навукова-канструктарскую дзейнасць.

Сяргей Шалай звярнуў увагу: "Унясенне акцый у статутны фонд кіруючай кампаніі павялічвае актывы і ў выпадку зацікаўленасці замежных інвестараў павышае яе інвестыцыйную прывабнасць, павялічвае цану набыцця акцый".

ААТ "Гомсельмаш" створана ў 2013 годзе на базе завода "Гомсельмаш", заснаванага ў 1930 годзе. З'яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі ў краінах СНД і Еўропы. Выпускае самаходныя і прычапныя кормаўборачныя камбайны і касілкі-плюшчылкі, збожжаўборачныя камбайны, навясныя касілкі-здрабняльнікі, бульбаўборачныя і буракаўборачныя камбайны. Прадпрыемства вырабляе больш як 40 базавых пазіцый розных відаў сельскагаспадарчых машын.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі