Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 чэрвеня 2021, 13:30

Грашова-крэдытная палітыка Беларусі цяпер павінна быць вельмі асцярожнай - эксперт

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грашова-крэдытная палітыка Беларусі цяпер павінна быць вельмі асцярожнай. Такое меркаванне выказала начальнік упраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацыянальнага банка Наталля Мірончык у час круглага стала "Палітыка цэнтральных банкаў у краінах з рынкам, які фарміруецца, у постпандэмічны перыяд", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Беларусі інфляцыя паскараецца, таму складанасці, вядома ж, ёсць, і гэта звязана з тым, што мы ў сваёй гісторыі перажывалі вельмі кароткія перыяды з нізкай інфляцыяй і, на жаль, памятаем працяглыя перыяды з высокай і вельмі высокай інфляцыяй. Яшчэ ў нас дынаміка цэн моцна звязана з дынамікай курса і, адпаведна, калі адбываецца ваганне абменнага курса, гэта вельмі хутка перадаецца і ў рост цэн", - сказала эксперт.

Начальнік упраўлення выказала меркаванне, што Беларусь, як краіна з рынкам, які фарміруецца, гэтак жа як і іншыя аналагічныя краіны, не можа сабе дазволіць прымяняць маштабныя колькасныя змякчэнні, як гэта робяць развітыя краіны. "Гэта звязана з тым, што ў нас недастатковы ўзровень даверу да манетарнай палітыкі, няўстойлівая прывязка інфляцыйных чаканняў да мэты па інфляцыі, высокія рызыкі абясцэнення нацыянальнай валюты і паскарэнне інфляцыі. Таму грашова-крэдытная палітыка Беларусі цяпер павінна быць вельмі асцярожнай і ўлічваць верагоднасць абясцэнення беларускага рубля і зніжэння яго пакупной здольнасці", - растлумачыла Наталля Мірончык.

"Цяпер на фоне ўзмацнення рызык, звязаных з паскарэннем сусветнай інфляцыі, з прычыны адкрытасці нашай эканомікі мы не можам гэта ігнараваць. І калі ў папярэднія гады нізкая інфляцыя і ў развітых краінах, і ў Расіі садзейнічала таму, што мы маглі забяспечваць зніжэнне інфляцыі і выконваць мэту 5 працэнтаў, то цяпер паскарэнне інфляцыйных працэсаў і ў краінах - гандлёвых партнёрах ускладняе нам рэалізацыю манетарнай палітыкі. Зразумела, выбар будзе вельмі складаным: або забяспечыць мэту па інфляцыі 5 працэнтаў, але пры гэтым абмежаваць дзелавую актыўнасць, што можа негатыўна паўплываць на эканамічны рост, або ўсё ж такі падтрымліваць прымальныя тэмпы эканамічнага росту, але тады інфляцыя будзе адхіляцца ад мэтавага паказчыка. І тут узнікаюць рызыкі, што яна можа выйсці з-пад кантролю, улічваючы наш гістарычны вопыт. Усё можа быць даволі складана", - рэзюмавала начальнік упраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацыянальнага банка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі