Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 лютага 2020, 10:53

"Гомсельмаш" прадставіць свой патэнцыял на аграрным форуме ва Узбекістане

21 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. ААТ "Гомсельмаш" прадставіць свой патэнцыял на беларуска-ўзбекскім аграрным форуме, які пройдзе 25-26 лютага ў Ташкенце (Узбекістан), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.

Прадстаўнікі ААТ увойдуць у склад беларускай дэлегацыі. "Нягледзячы на тое, што асноўны акцэнт аграфоруму арганізатары зрабілі на харчовую прамысловасць, вытворцы тэхнікі таксама змогуць расказаць аб сваёй прадукцыі. "Гомсельмаш" гэта зробіць з дапамогай рэкламнай інфармацыі і відэафільма", - адзначылі на прадпрыемстве.

Развівае холдынг і супрацоўніцтва з партнёрамі з Узбекістана. Намеснік дырэктара цэнтра продажу і сэрвісу - начальнік упраўлення продажаў (Сярэдняя Азія і Закаўказзе) Віталь Жэшка нагадаў, што восенню 2019 года падпісана пагадненне паміж "Гомсельмашам" і Ташкенцкім заводам сельскагаспадарчай тэхнікі. Дакумент прадугледжвае стварэнне ў сталіцы Узбекістана зборачнай вытворчасці камбайнаў. "Першымі ластаўкамі ў гэтым напрамку ў бягучым годзе стануць машынакамплекты К-Г-6 і КДП-3000, якія мы павінны адгрузіць у сакавіку", - сказаў Віталь Жэшка.

Холдынг "Гомсельмаш" - адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі, які ўваходзіць у лік лідараў сусветнага рынку камбайнаў і іншых складаных сельгасмашын. Сёння вытворца выпускае збожжаўборачныя, кормаўборачныя, пачаткаўборачныя і бульбаўборачныя камбайны, касілкі і іншую сельгастэхніку. Камбайны "Палессе" працуюць на палях Расіі, Украіны, Казахстана, Чэхіі, Славакіі, Румыніі, Балгарыі, Аргенціны, Бразіліі, Кітая, Рэспублікі Карэя, краін Балтыі і інш. Кампанія мае шырокую тавараправодную сетку, шэраг сумесных прадпрыемстваў і зборачных вытворчасцей.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі