Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 ліпеня 2013, 13:02

"Гомсельмаш" на ўмовах лізінгу паставіць арганізацыям АПК Беларусі больш як 220 збожжаўборачных камбайнаў

26 ліпеня, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - Кар.БЕЛТА/. Урад Беларусі прапануе ўнітарнаму прадпрыемству "Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання "Гомсельмаш" да 1 жніўня паставіць арганізацыям аграпрамысловага комплексу рэспублікі на ўмовах доўгатэрміновай фінансавай арэнды (лізінгу) 227 збожжаўборачных камбайнаў. Гэта прапанова змешчана ў пастанове Савета Міністраў нумар 652 ад 24 ліпеня бягучага года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.

Дакумент прыняты ў мэтах забеспячэння арганізацый АПК сучаснай збожжаўборачнай тэхнікай. У адпаведнасці з ім "Гомсельмаш" павінен да 1 жніўня бягучага года паставіць 227 збожжаўборачных камбайнаў маркі КЗС-1218-11 у камплекце з прыстасаваннямі для ўборкі рапсу ПР-7 і абсталяваннем для ўборкі кукурузы на зерне КОК-8-2 абласным арганізацыям сэрвіснага абслугоўвання аграпрамысловага комплексу ў адпаведнасці з пералікам, зацверджаным Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і аблвыканкамамі, для наступнай перадачы гэтай сельскагаспадарчай тэхнікі арганізацыям аграпрамысловага комплексу рэспублікі на ўмовах доўгатэрміновай фінансавай арэнды (лізінгу).

Пастаўка тэхнікі будзе ажыццяўляцца на ўмовах адтэрміноўкі плацяжу да 1 мая 2014 года з улікам рашэння ад 29 красавіка 2013 года конкурснай камісіі па правядзенню цэнтралізаваных закупак тавараў, прынятага ў адпаведнасці з указам нумар 35 ад 24 студзеня 2011 года "Аб Рэспубліканскай праграме аснашчэння сучаснай тэхнікай і абсталяваннем арганізацый аграпрамысловага комплексу, будаўніцтва, рамонту, мадэрнізацыі вытворчых аб'ектаў гэтых арганізацый на 2011-2015 гады".

Таксама ў пастанове змешчана прапанова адкрытаму акцыянернаму таварыству "Ашчадны банк "Беларусбанк" прадаставіць у 2013 годзе РУП "Гомсельмаш" крэдыт у замежнай валюце у суме, эквівалентнай Br500 млрд., тэрмінам на адзін год са спагнаннем працэнтаў у памеры не больш як 9 працэнтаў гадавых на вытворчасць збожжаўборачных камбайнаў у адпаведнасці з комплекснай праграмай мадэрнізацыі дзеючых і стварэння новых высокапрадукцыйных рабочых месц на 2012-2015 гады рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Гомельскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання "Гомсельмаш".

За карыстанне гэтым крэдытам у бягучым годзе РУП "Гомсельмаш" будзе кампенсавана частка працэнтаў за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў памеры 50 працэнтаў стаўкі па крэдыту, але не больш як 4,5 працэнта гадавых. Кампенсаванне будзе ажыццяўляцца па курсу Нацыянальнага банка ў беларускіх рублях на дату кампенсавання часткі працэнтаў. Атрыманыя сродкі "Гомсельмаш" у 2013 годзе накіруе на папаўненне ўласных абаротных сродкаў.

Умовай аказання дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемству з'яўляецца выкананне ім у бягучым годзе паказчыкаў па тэмпах росту прадукцыйнасці працы і рэнтабельнасці продажаў. Персанальная адказнасць за выкананне гэтых паказчыкаў ускладзена на генеральнага дырэктара РУП "Гомсельмаш", міністра прамысловасці, першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі.

Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі