Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 снежня 2022, 16:38

Гомельскія электрычныя сеткі рэалізавалі інвестпраект па ўстаноўцы шунціруючых рэактараў

6 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Інвестыцыйны праект па ўстаноўцы сродкаў кампенсацыі рэактыўнай магутнасці - шунціруючых рэактараў рэалізавалі на падстанцыі 330 кВ "Гомсельмаш", паведаміў сёння журналістам дырэктар філіяла "Гомельскія электрычныя сеткі" РУП "Гомельэнерга" Генадзь Сушанаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта сістэмны інвестыцыйны праект, які важны для энергасістэмы ў цэлым, у тым ліку ва ўмовах работы атамнай станцыі", - сказаў дырэктар. Ён дадаў, што ўвод шунціруючых рэактараў - мэтавая праграма "Белэнерга". Такія сродкі кампенсацыі рэактыўнай магутнасці ўкаранёны і прадаўжаюць укараняцца ў іншых рэгіёнах.

Як удакладніў намеснік начальніка службы падстанцый філіяла "Гомельскія электрычныя сеткі" Яўген Канцавой, у энергасістэме існуюць сістэмаўтваральныя сеткі напружаннем 330 кВ і вышэй. "Паветраная лінія электраперадачы даволі працяглая. І яна генерыруе дадатковую рэактыўную магутнасць у сетцы 330 кВ. Гэта непасрэдна ўплывае на ізаляцыю электраабсталявання, якое можа з-за перанапружання пашкодзіцца. Таму для адбору рэактыўнай магутнасці і рэгулявання напружання да дапушчальных норм і прымяняюцца шунціруючыя рэактары", - расказаў ён.

"Перад намі стаяла задача на працягу паўгода спраектаваць, закупіць абсталяванне і ўвесці ў работу. Філіял справіўся з гэтай задачай паспяхова, абсталяванне ўвялі ў тэрмін. На гэты момант яно працуе ў цыкле рэгулявання, у тым ліку і электраэнергіі, якая адпускаецца з БелАЭС", - дадаў галоўны інжынер філіяла Віталь Лаўрыновіч.

ПС 330 кВ "Гомсельмаш" - адна з вузлавых падстанцый філіяла. Пачала работу ў 1981 годзе. Першапачаткова яна будавалася для магутнасцей завода "Гомсельмаш". На гэты момант тут забяспечваюцца электраэнергіяй у тым ліку высакавольтныя падстанцыі Гомеля, а таксама іншых тэрыторый, аб'ектаў.

У цэлым у зону абслугоўвання філіяла "Гомельскія электрычныя сеткі" ўваходзяць пяць адміністрацыйных тэрыторый - Гомель, Гомельскі, Веткаўскі, Буда-Кашалёўскі і Добрушскі раёны. У кожным з іх ёсць свая цэнтралізаваная база, раёны электрычных сетак, якія ўкамплектаваны ўсім неабходным, каб забяспечыць спажыўцоў надзейным, бесперабойным электразабеспячэннем. Усяго гэта 65 падстанцый і 12 тыс. км электрычных сетак.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі