31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ГЭС Беларусі ў мінулым годзе выпрацавалі больш за 370 млн кВт.гадз электраэнергіі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі. Прыкладна столькі ж было выпрацавана гідраэлектрастанцыямі ў 2021 годзе.
Усяго ў Беларусі 52 гідраэлектрастанцыі. Іх устаноўленая электрычная магутнасць - 96,2 МВт. Буйнейшыя - Віцебская і Полацкая ГЭС. У мінулым годзе імі сумарна выпрацавана 236 млн кВт.гадз электраэнергіі, што дало магчымасць сэканоміць звыш 75 тыс. т умоўнага паліва.
Разам з ГЭС у Беларусі развіваюцца сонечная і ветраэнергетыка. У цэлым магутнасць установак аднаўляльных крыніц энергіі ў краіне за апошнія дзевяць гадоў вырасла больш як у шэсць разоў - з 93 МВт да 608 МВт.-0-