Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 лютага 2024, 14:54

Геаграфія паставак прадукцыі ММЗ налічвае больш за 20 краін, прырост экспарту за 2023 год - 14,4 працэнта
 

Фота з архіва
Фота з архіва
29 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Геаграфія паставак прадукцыі Мінскага маторнага завода налічвае 24 краіны. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

"Выкананы ўсе абавязацельствы па пастаўках прадукцыі на знешнія рынкі. Прырост экспарту склаў 14,4 працэнта ў параўнанні з 2022 годам. У структуры экспарту дадатная дынаміка забяспечана па ўсіх асноўных групах тавараў: рухавіках, спецыяльнай тэхніцы, запчастках", - расказалі ў прэс-службе.

Геаграфія паставак прадукцыі ММЗ налічвае 24 краіны, у ліку якіх Расійская Федэрацыя, Казахстан, Узбекістан, Азербайджан, Арменія, Кыргызстан, Туркменістан, Чэхія, Балгарыя, Германія, Венгрыя, Літва, Пакістан, Польшча, Зімбабвэ, В'етнам, Манголія, ПАР, Турцыя і інш.

Доля рэгіёнаў у экспартнай адгрузцы выглядае наступным чынам: РФ - 87,5 працэнта; краіны СНД, без уліку РФ, - 7,9 працэнта; далёкае замежжа - 4,6 працэнта.

"Тавараправодная сетка ААТ "ККХ "Мінскі маторны завод" шырока развіта, у сферы бізнес-інтарэсаў знаходзяцца краіны СНД, а таксама перспектыўныя рынкі Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі", - адзначылі ў прэс-службе.

У мінулым годзе ММЗ пашырыў тавараправодную сетку на перспектыўных рынках, заключыўшы новыя дылерскія дагаворы з кампаніямі Расійскай Федэрацыі, Кыргызстана, у Азербайджане і Балгарыі. Кампаніі спецыялізуюцца на пастаўцы рухавікоў і запасных частак да сельскагаспадарчай тэхнікі.

Прадукцыя ММЗ пашырае сваю прысутнасць у Казахстане. На базе Гандлёвага дома ў Астане арганізаваны буйны склад арыгінальных запасных частак і спецтэхнікі для забеспячэння спажыўцоў якаснай прадукцыяй у кароткія тэрміны.

Заключаны кантракт і ажыццёўлена пілотная пастаўка рухавікоў для вытворчасці спецтэхнікі ў адрас венгерскай кампаніі. Пасля атрымання сертыфіката на прадукцыю, кампанія гатова прадоўжыць супрацоўніцтва.

У рамках праекта дызелізацыі пастаўлена партыя рухавікоў колькасцю 60 адзінак для пераабсталявання аўтамабільнай тэхнікі ў Туркменістане.

З мэтай пашырэння аб'ёмаў рэалізацыі прадукцыі на першасны рынак беларускі вытворца матораў развівае зборачную вытворчасць дызельных рухавікоў у Казахстане. Вядуцца перагаворы па лакалізацыі вытворчасці спецыяльнай тэхнікі з рухавіком ММЗ на рынку Узбекістана.

Мінскі маторны завод - вытворца сучасных дызельных, газадызельных, газапоршневых рухавікоў. Спецыялізуецца на распрацоўцы, праектаванні і вырабе сучасных трох-, чатырох-, шасці- і васьміцыліндавых рухавікоў. На заводзе выпускаецца больш за 100 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасці ад 7 кВт да 330 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую тэхніку, аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. Рухавікі ММЗ пастаўляюцца на канвееры прадпрыемстваў Беларусі, краін СНД і далёкага замежжа. Пры вытворчасці рухавікоў выкарыстоўваюцца камплектуючыя сусветна вядомых кампаній.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі