Сцяг Субота, 18 студзеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
17 студзеня 2025, 15:38

Галоўчанка: ВУП Беларусі ў 2024 годзе павялічыўся на 4 працэнты

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка
17 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ВУП Беларусі ў мінулым годзе павялічыўся на 4 працэнты. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, падводзячы вынікі работы эканомікі ў 2024 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Больш глыбока вынікі работы эканомікі будуць разгледжаны крыху пазней, але ключавыя макраэканамічныя лічбы ўжо вядомы, адзначыў Раман Галоўчанка. "У 2024 год мы ўваходзілі з дастаткова напружаным заданнем, якое было ўстаноўлена ўказам Прэзідэнта. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліваў, што гэта напружанае, але цалкам выканальнае заданне. Зыходзячы з гэтых установак, мы сфарміравалі своеасаблівы мабілізацыйны план, які быў нацэлены на выкананне гэтых задач, - звярнуў увагу ён. - Сістэма агульных дзяржаўных паказчыкаў разбівалася на больш дробныя фрагменты, і кожны кіраўнік ад прамысловага гіганта да невялікага камунальнага прадпрыемства ведаў, якая перад ім стаіць задача".

Урад жа забяспечваў штотыднёвы маніторынг выканання гэтых задач, дадаў прэм'ер-міністр. "Прымаліся шматлікія тактычныя рашэнні. Недзе неабходна было падтрымаць, недзе напружыць. Дзякуючы гэтай рабоце і, вядома ж, тым устаноўкам Прэзідэнта, які таксама пастаянна трымаў у фокусе ўвагі сітуацыю ў эканоміцы краіны, мы атрымалі пэўныя вынікі, якія, напэўна, можна назваць даволі  нядрэннымі", - ацаніў Раман Галоўчанка.

Ключавы паказчык развіцця эканомікі ў краіне - валавы ўнутраны прадукт. "Заданне па ім было 3,8 працэнта, а фактычна мы спрацавалі з ростам 4 працэнты. Таксама напружанай была задача па інфляцыі - не выйсці за ўзровень 6 працэнтаў. Гэта было даволі нялёгка. Плюс мы забяспечылі значную прыбаўку ў даходах насельніцтва, што таксама аказвае ўплыў на інфляцыю. Тым не менш пры задачы 6 працэнтаў фактычная інфляцыя за мінулы год склала 5,2 працэнта", - расказаў прэм'ер-міністр.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі