.
ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Серада, 3 сакавіка 2021
Мінск Малавоблачна -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 лютага 2021, 11:49

Галоўчанка: у 2020 годзе забяспечана ўстойлівая работа эканомікі

Фота з архіва
Фота з архіва

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2020 годзе была забяспечана ўстойлівая работа эканомікі. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час пасяджэння Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нягледзячы на ​​беспрэцэдэнтны націск як знешніх, так і ўнутраных фактараў, у 2020 годзе забяспечана ўстойлівая работа эканомікі. Кіраўніком дзяржавы былі падтрыманы прапановы ўрада, і ў другой палове года аказвалася сістэмная падтрымка прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі, бізнесу і канкрэтным работнікам камерцыйных і бюджэтных арганізацый. Агульная сума такой падтрымкі склала больш як Br2 млрд. Ва ўмовах дэфіцыту бюджэту, выканання абавязацельстваў па дзярждоўгу гэта беспрэцэдэнтная падтрымка. У выніку ўдалося забяспечыць бесперабойную работу прадпрыемстваў, цалкам аднавіць аб'ёмы дабаўленай вартасці ў апрацоўчай прамысловасці і, самае галоўнае, захаваць працоўныя калектывы", - сказаў Раман Галоўчанка.

Ён падкрэсліў, што ў мінулым годзе таксама забяспечана павышэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва. "На працягу года ўстойліва расла заработная плата, у снежні яна дасягнула амаль Br1,5 тыс. Забяспечаны апераджальны рост даходаў у бюджэтнай сферы, у першую чаргу ва ўрачоў і настаўнікаў. Мэтавы арыенцір выкананы, суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне склалі 80,4 працэнта. Практычна цалкам вырашылі задачу па зніжэнні колькасці арганізацый з зарплатай менш як Br500. За мінулы год іх колькасць знізілася больш як у 18 разоў", - адзначыў прэм'ер-міністр.

"Акрамя таго, захавана макраэканамічная збалансаванасць. Дадатнае сальда знешняга гандлю за 2020 год склала больш за $1,9 млрд, або 3,2 працэнта да ВУП. За ўсю гісторыю суверэннай Беларусі гэта максімальны паказчык у абсалютным вылічэнні. Прычым найбольшы яго прырост склаўся ў II паўгоддзі , у тым ліку за кошт аднаўлення аб'ёмаў экспарту тавараў", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка.

Ён таксама адзначыў, што своечасова і ў поўным аб'ёме забяспечаны выплаты па знешніх і ўнутраных валютных абавязацельствах дзяржавы. Пры гэтым у прагнозных параметрах захаваны золатавалютныя рэзервы краіны.

"Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту за 2020 год склаў 99,1 працэнта, што значна вышэй за сярэднесусветныя значэнні і перавышае тэмп росту сусветнай эканомікі на 2,6 працэнтнага пункта, Еўрапейскага саюза - на 5,5, Расіі - на 2,2", - канстатаваў прэм'ер-міністр.

Раман Галоўчанка закрануў пытанне фінансавага стану арганізацый. "Прынятыя сістэмныя рашэнні далі магчымасць выйсці на падагульняючы станоўчы вынік. Са страт, якія былі атрыманы ў I квартале, па выніках 2020 года выйшлі на чысты прыбытак у аб'ёме Br6,1 млрд. Колькасць стратных арганізацый за гэты перыяд скарацілася на 37 працэнтаў", - праінфармаваў ён.

"Разам з тым адной з сур'ёзных праблем, якую мы сёння павінны прадметна абмеркаваць, з'яўляецца высокая даўгавая нагрузка на рэальны сектар эканомікі. Па выніках 2020 года сумарная запазычанасць арганізацый склала амаль Br160 млрд і ў параўнанні з пачаткам года вырасла на 19 працэнтаў. У мэтах ліквідацыі так званага даўгавога навеса ўрадам даведзены да выканання паслядоўны план дзеянняў. Звяртаюся да міністраў і губернатараў - неабходна актыўна ўключыцца ў яго рэалізацыю, адпрацоўваць пытанні аператыўна і якасна. Дасягненне пастаўленых мэт станоўча паўплывае не толькі на вынікі работы эканомікі ў 2021 годзе, але і дасць магчымасць закласці базіс для эфектыўнага развіцця на пяцігодку", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі