
7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка раскрыў сакрэт паспяховага супрацоўніцтва Беларусі і Краснадарскага края па выніках сустрэчы ў Сочы з губернатарам Краснадарскага края Веньямінам Кандрацьевым, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Губернатар Краснадарскага края вызначыў мадэль супрацоўніцтва, якая спрацавала. Мы з ім сустракаліся ў лістападзе мінулага года і да гэтай сустрэчы напрацоўвалі дарожную карту напрамкаў, якія будзем рэалізоўваць. Менавіта тады падрабязна абмеркавалі, што механізм супрацоўніцтва павінен быць рэалізаваны праз арганізацыю сумесных вытворчасцей той наменклатуры тэхнікі, якая запатрабавана не толькі ў Краснадарскім краі, але і ў бліжэйшых рэгіёнах. Для гэтага кіраўніцтва рэгіёна забяспечыла максімальна камфортныя ўмовы фінансавай падтрымкі такіх праектаў. І мы сёння ў Краснадарскім краі маем адны з самых прывілеяваных умоў па прамысловай зборцы. Адпаведна, можам паспяхова канкурыраваць з усімі вытворцамі і выйграваць за кошт якасці пры іншых роўных параметрах", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, па гэтым шляху пайшла вытворчасць трактароў. "Мы думаем, што тысяча адзінак у бягучым годзе павінна быць зроблена. Ёсць планы па развіцці гэтай вытворчасці. Амаль такі ж сцэнарый рэалізуецца па зернеўборачных камбайнах. Сёння мы абмеркавалі, як інтэнсіфікаваць работу па падобным алгарытме ў частцы пасажырскага транспарту - гэта аўтобусы з вялікай умяшчальнасцю на газаматорным паліве. Ну і, вядома, электратранспарт. Ёсць кантракты на пастаўку тралейбусаў. У сярэдзіне лета прыбудзе беларускі трамвай на тэставую эксплуатацыю, спадзяёмся, што за гэтым пойдуць пастаўкі. Цікавасць праяўлена і да электробусаў", - адзначыў прэм'ер-міністр.-0-