Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 жніўня 2022, 14:53

Галоўчанка паабяцаў люстрана адказаць на факты адымання беларускай уласнасці за мяжой

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На агрэсіўныя дзеянні эканамічнага характару з боку недружалюбных краін Беларусь мае намер адказаць люстрана. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка пасля нарады ў Прэзідэнта па стварэнні партовых магутнасцей для экспарту беларускай прадукцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанне, якія меры Беларусь, па даручэнні кіраўніка дзяржавы, мае намер прыняць у сувязі з фактычным адыманнем уласнасці ў Літве, Латвіі і іншых краінах, Раман Галоўчанка сказаў: "Намі пачата прэтэнзійная работа. Фактычна нам перашкаджаюць рэалізоўваць свае камерцыйныя інтарэсы".

"Нашы меры ў адказ цяпер рыхтуюцца. Таксама ўсё будзе цывілізавана. Уся ўласнасць і юрыдычных, і фізічных асоб недружалюбных дзяржаў Рэспубліцы Беларусь вядома, яна падлічана", - прадоўжыў Раман Галоўчанка.

Кіраўнік урада запэўніў, што ніякіх агрэсіўных дзеянняў з беларускага боку не будзе: "Мы настроены і з усіх пляцовак гаворым, што хочам выбудоўваць цывілізаваныя гандлёвыя, камерцыйныя адносіны. Але калі ў дачыненні да нас прымяняюць агрэсіўныя дзеянні эканамічнага характару, вядома ж, мы маўчаць не будзем. Як мінімум гэта будуць люстраныя рашэнні. Але да апошняга будзем заклікаць да разважлівасці, калі гэта нехта пачуе".

Як паведамлялася БЕЛТА, у час нарады Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў прыняць меры ў сувязі з тым, што беларускі бок быў фактычна пазбаўлены ўласнасці ў клайпедскім порце. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што, акрамя санкцый адносна транспарціроўкі калію, Літва таксама фактычна забрала ўласнасць беларускага прадпрыемства ў Клайпедзе. Як вядома, з 2013 года "Беларуськалій" з'яўляецца ўласнікам 30 працэнтаў акцый клайпедскага тэрмінала сыпкіх грузаў ВКТ.

"Мала таго што гэтыя санкцыі незаконна ўвялі, дык яшчэ і фактычна забралі вашу ўласнасць", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады.

"Адабралі", - удакладніў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.

"Гэта не павінна беспакарана прайсці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Прадумайце і мне далажыце, якія меры мы можам і прымем у бліжэйшы час і ў сярэднетэрміновай перспектыве. Адбіраць уласнасць нікому не дазволена. Мала таго што там нашы санаторыі, дзе мы лячылі чарнобыльцаў, як ты гаворыш, адабралі (размова аб санаторыі "Беларусь" у латвійскай Юрмале, які быў вымушаны спыніць работу з-за санкцый. - Заўвага БЕЛТА), так і тут. Гэта ж немалыя грошы. Таму меры павінны быць прыняты як сёння-заўтра, так і паслязаўтра".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі