Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 снежня 2022, 11:53

Галоўчанка: па ўсіх пытаннях беларуска-расійскага парадку дня знойдзены рашэнні

20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па ўсіх пытаннях беларуска-расійскага парадку дня знойдзены рашэнні. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, каменціруючы ўчарашнія перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас не засталося ні адной сферы па выніках перагавораў прэзідэнтаў, па якой не былі знойдзены рашэнні. Раней такое бывала, што абмеркавалі пытанні і кожны застаўся на сваіх пазіцыях. У мяне няма адчування, што прэзідэнты аб нечым не дамовіліся або ўрады не ведаюць, як рэалізаваць тую ці іншую дамоўленасць. І гэта кардынальна адрознівае ўчарашнюю сустрэчу ад тых, што праходзілі тры-пяць гадоў таму", - сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, дарога вызначана, зразумелы аб'ём работы на наступны год. "Мы не збіраемся збаўляць тэмпаў. У гэтым годзе ў нас будуць рэкордныя паказчыкі. Мы павінны выйсці на тавараабарот каля $50 млрд з Расійскай Федэрацыяй. Мы кардынальна палепшым знешнегандлёвае сальда", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Гаворачы аб даручэннях па выніках учарашняй сустрэчы, Раман Галоўчанка адзначыў, што бакам трэба будзе працаваць па каля дзесяці канкрэтных напрамках. "Мы пачулі ад прэзідэнтаў абсалютна салідарную пазіцыю па ўсіх пытаннях. Ёсць некаторыя эканамічныя нюансы. У прыватнасці, Расійская Федэрацыя аказвае крэдытную падтрымку ў рэструктурызацыі доўгу Беларусі перад расійскімі фінансавымі інстытутамі. Гэту тэму мы таксама ўзнімалі. Яна знайшла поўнае разуменне ў расійскіх калег. У гэтых умовах ёсць магчымасць падтрымаць беларускую эканоміку. Трэба далічыць канчаткова суму", - паведаміў кіраўнік урада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі