Сцяг Аўторак, 26 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 ліпеня 2024, 18:06

Галоўчанка: новая аўтаматызаваная сістэма дасць магчымасць прасачыць увесь ланцуг фарміравання цэн на тавары

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая аўтаматызаваная сістэма дасць магчымасць прасачыць увесь ланцуг фарміравання цэн на тавары. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мінулым годзе было даручана забяспечыць стварэнне эфектыўнай сістэмы кантролю цэн на імпартныя тавары. Асабліва гэта датычылася тых катэгорый тавараў, якія не вырабляюцца ў Беларусі або вырабляюцца ў недастатковай колькасці, каб пазбегнуць паставак такіх тавараў па завышаных цэнах. Нягледзячы на працяглае ручное рэгуляванне і даволі жорсткія абмежаванні, усё роўна асобныя імпарцёры знаходзяць шляхі, каб максімізаваць свой прыбытак. У сувязі з гэтым у 2023 годзе рэалізаваны пілотны праект у лічбавай сферы адносна тавараў замежнай вытворчасці", - сказаў Раман Галоўчанка.

Яго вынікам стала стварэнне прататыпу аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы "Аналіз цэн". "Відавочна, што распрацаваны функцыянал, які арыентаваны на апрацоўку ў анлайн-рэжыме даных толькі па імпартных таварах, не ў поўнай меры адлюстроўваў тэндэнцыі рынку. У сувязі з гэтым ключавой задачай АІС "Аналіз цэн" на 2024 год з'яўляецца атрыманне магчымасці адміністравання і прасочвання ўсяго ланцуга руху ад імпарцёра, вытворцы да канчатковага спажыўца як імпартных, так і айчынных тавараў, інакш кажучы па ўсім рынку. Фактычна размова ідзе пра магчымасць у рэжыме анлайн бачыць увесь ланцуг фарміравання кошту тавару ад яго вытворчасці да з'яўлення на паліцах. АІС павінна даць магчымасць якасна і колькасна ацэньваць інфляцыйныя працэсы і іх прычыны, а таксама ўзмацніць кантрольны і наглядны патэнцыял дзяржаўных органаў і міжведамасную каардынацыю ў гэтай сферы", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, такая сістэма дазволіць выпрацоўваць аператыўныя прапановы аб мерах эканамічнага рэгулявання, якія накіраваны на забеспячэнне збалансаванасці рынку спажывецкіх тавараў, вызначаць тэндэнцыі на гэтым рынку, прагназаваць магчымыя наступствы. "Механізм даволі складаны, таму што неабходна аб'ядноўваць звесткі са значнай колькасці інфармацыйных сістэм розных дзяржаўных органаў. Адпаведна, спатрэбіцца некаторая карэкціроўка заканадаўчай базы", - дадаў кіраўнік беларускага ўрада.-0-

Фота Сяргея Шэлега
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі