Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 снежня 2022, 11:25

Галоўчанка: эканамічны бліцкрыг супраць Беларусі не ўдаўся

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканамічны бліцкрыг супраць Беларусі не ўдаўся. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, прадстаўляючы новага міністра замежных спраў Сяргея Алейніка калектыву МЗС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Галоўным напрамкам дзейнасці МЗС з'яўляецца знешняя эканамічная сфера. Ва ўмовах разгорнутай супраць нас санкцыйнай вайны знешнеэканамічная дзейнасць - ключавы прыярытэт. І тут няма месца пустаслоўю, фармальным справаздачам і мерапрыемствам для птушачкі. Мы даволі паспяхова прайшлі самы востры перыяд, звязаны з эканамічным націскам на нас. Гэта запатрабавала сур'ёзных намаганняў на ўсіх узроўнях. Сёння ўжо можам сцвярджаць, што эканамічны бліцкрыг не ўдаўся. Нам трэба прадаўжаць спакойна праводзіць сваю работу. Але спакойна не ў плане стаўлення да работы, а ў плане выверанасці і ўпэўненасці ў сваіх дзеяннях", - сказаў Раман Галоўчанка.

Ён падкрэсліў, што неабходны канкрэтныя вынікі: забеспячэнне збалансаванасці знешняга гандлю, дыверсіфікацыя экспарту, пераарыентацыя на перспектыўныя рынкі. "Нашы рэальныя партнёры, якія зацікаўлены ў рабоце з намі, вызначаюцца па тым, дзе нас чакаюць, дзе гатовы працаваць з нашай прадукцыяй, дзе не выстаўляюць ультыматыўныя патрабаванні. Аб'ектыўна гэта дзяржавы ЕАЭС, СНД, Кітай і іншыя краіны далёкай дугі, дзе мы спакойна працуем, як працавалі і раней. Пасольствы, не чакаючы ўказанняў, павінны ў цеснай звязцы з галіновікамі вырашаць задачы па пашырэнні паставак нашых тавараў, паслуг, прыцягненні інвестыцый", - адзначыў прэм'ер-міністр.

"Не павінна ператварацца ў руціну і штодзённая работа па процідзеянні санкцыйнаму націску. Я прад'яўляў ужо МЗС і яго асобным супрацоўнікам прэтэнзіі па якасці і аператыўнасці гэтай работы. Пакуль мы часта "б'ём па хвастах", гэта значыць уводзяцца санкцыі, МЗС гэта фіксуе, накіроўвае дакументы, нешта прапануе, пачынаем думаць, як гэтаму процідзейнічаць. Але патрэбна не інфармацыя па факце ўвядзення санкцый, для гэтага ёсць адкрытыя крыніцы. Што сапраўды неабходна - яшчэ на стадыі распрацоўкі антыбеларускіх планаў (а гэта не спыняецца) падлічыць наступствы, выпрацаваць прапановы па мінімізацыі ўрону і адказе на санкцыі. Прычым адказваць адчувальна, а не для праформы", - звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада.

Важна, каб работа па процідзеянні санкцыям ішла паралельна з інфармацыйнай кампаніяй у адпаведных краінах, заявіў Раман Галоўчанка. "Не для ўлад (мы іх не пераробім), а для грамадзян гэтых краін. Неабходна растлумачваць вымушанасць нашых дзеянняў у адказ, тупіковасць санкцыйнай палітыкі, якая больш за ўсё б'е па простым народзе", - удакладніў ён.

"Для эфектыўнага выканання пастаўленых перад МЗС задач патрабуецца пастаянная і сістэмная аналітычная работа. Сёння жыццёва неабходна забяспечыць якаснае прагназаванне, выпрацоўку і суправаджэнне прыняцця рашэнняў на дзяржаўным узроўні. Толькі ў гэтым выпадку айчынная дыпламатыя зможа эфектыўна абараняць нацыянальныя інтарэсы", - рэзюмаваў прэм'ер-міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі