Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 жніўня 2022, 16:34

Галоўчанка: біржавы механізм эфектыўны для развіцця імпартазамяшчэння і гандлю ў ЕАЭС

2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Біржавы механізм эфектыўны для развіцця імпартазамяшчэння і гандлю ў ЕАЭС. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На мадэлях сумесных біржавых пляцовак і апрабоўваюцца мадэлі будучых агульных рынкаў электраэнергіі, энерганосьбітаў і гэтак далей. Была ідэя ў рамках Саюзнай дзяржавы разгледзець пытанне стварэння адзінай уніфікаванай біржы, але потым ад яе адмовіліся. Цяпер, хутчэй за ўсё, гэта будзе рэалізавана ў форме пагаднення аб супрацоўніцтве. Інакш кажучы, у першую чаргу тавары будуць прапаноўвацца нацыянальным пакупнікам, каб задаволіць у прыярытэтным парадку патрэбнасці айчыннага рынку. Калі будзе рэалізаваны не ўвесь аб'ём, тавар будзе перадавацца на агульную саюзную біржу або біржу ЕАЭС. Цяпер наконт гэтага вядуцца кансультацыі. Пакуль канчатковы механізм не вызначаны, але патэнцыял адназначна ёсць", - сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, перад Беларускай універсальнай таварнай біржай стаяць задачы забяспечыць эфектыўныя продажы беларускай прадукцыі, устараніць неабгрунтаванае пасрэдніцтва, павысіць аддачу ад здзелак, зрабіць іх больш простымі і зразумелымі, абараніць інтарэсы прадаўцоў і пакупнікоў. Акрамя таго, важна рэалізаваць патэнцыял імпартазамяшчэння. "БУТБ - даволі эфектыўны інструмент. За апошнія гады ўдалося выйсці на сур'ёзныя аб'ёмы продажаў, у сукупнасці гэта каля Br10 млрд. У біржы 29 тыс. кліентаў, якія ажыццяўляюць экспартныя і імпартныя аперацыі. Узяты нядрэнныя тэмпы, але наперадзе яшчэ немалая работа ў гэтым напрамку", - звярнуў увагу прэм'ер-міністр.

У маі Беларуская ўніверсальная таварная біржа запусціла новы інструмент для бізнесу - пляцоўку імпартазамяшчэння. "За два месяцы лічбы ўжо даволі ўражваюць - праведзена больш за 4,5 тыс. здзелак на суму большую за Br35 млн. Калі гаварыць аб перавагах, на пляцоўку дапускаюцца толькі верыфікаваныя прадаўцы, пошук тавару максімальна аўтаматызаваны, кошт абслугоўвання ніжэйшы, чым на іншых падобных пляцоўках. Трэба гэту пляцоўку развіваць, таму што гэта вельмі эфектыўны механізм для рэалізацыі задач аператыўнага імпартазамяшчэння", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі адзначыў, што дзякуючы пляцоўцы імпартазамяшчэння прадпрыемствы атрымалі вялікі выбар тавараў, з якімі былі складанасці з-за ўвядзення заходніх санкцый. "Думаю, у далейшым тыя прапановы, над якімі мы цяпер працуем, дадуць магчымасць павялічыць патэнцыял пляцоўкі, аб'ёмы продажаў. Біржа не спыняецца на дасягнутым. Пляцоўка была распрацавана для малога і сярэдняга бізнесу, але ў далейшым нашы распрацоўкі дадуць магчымасць прыцягнуць даволі вялікі бізнес і праводзіць здзелкі на сумы звыш 1 тыс. базавых велічынь (1 БВ - Br32. - Заўвага БЕЛТА)", - праінфармаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі